by-мэню
eng-menu
ru-меню

"Вацлаў Гавел сустрэўся з Васiлём Быкавым"
газета "Народная Воля" ад 15.09.2001

Як патлумачылi нам чэшскiя сябры, нягледзячы на тое, што прэзiэнт мае даволi падрабязную iнфармацыю пра апошнiя выбары ў Мiнску, ён выказаў жаданне даведацца пра сiтуацыю ў Беларусi не ад палiтыкаў, дыпламатаў цi журналiстаў, а ад асобы, якая з'яўляецца бясспрэчным маральным аўтарытэтам.


Быкаў прыляцеў з Франкфурта ў Прагу ў дзень, калi адбылася трагедыя ў ЗША; праграма Гавела на блiжэйшыя днi (ён з'яўляецца Вярхоўным Галоўнакамандуючым) была скарэктаваная. Тым не менш сустрэча адбылася. Дарэчы, нас правялi ў працоўныя пакоi прэзiдэнта, чаго звычайна ў дачыненнi да замежнiкаў не робiцца.


Васiль Быкаў сказаў, што на працягу апошнiх гадоў Лукашэнка вынiшчыў вакол сябе прававую i палiтычную прастору -- Канстытуцыя скасаваная, ягоныя рэальныя канкурэнты альбо знiшчаныя, альбо ў эмiграцыi. Лукашэнка супрацоўнiчае з сумнiўнымi рэжымамi, гандлюе зброяй, якая засталася ад Савецкага Саюза. Вынiкi бясспрэчна сфальсiфiкаваных выбараў прымушаюць меркававць, што яшчэ пяць гадоў будуць нiшчыцца рэшткi дэмакратыi, а народ будзе паглыбляцца ў бездань дэпрэсii i застою.


Быкаў падзякаваў прэзiдэнту за тое, што Чэхiя дае палiтычны прытулак актывiстам беларускай апазiцыi i магчымасць працягваць вучобу студэнтам, якiя выключаны з беларускiх ВНУ за палiтычную дзейнасць. Быкаў сказаў, што ў гэты момант для беларускай апазiцыi вельмi важная падтрымка Еўропы i ЗША. "Хаця трэба разумець, што пакуль дзеяннi дэмакратычнай Еўропы не адэкватныя захадам лукашэнкаўскага рэжыму, якi не спыняецца нi перад чым", -- дадаў Васiль Уладзiмiравiч.
Вацлаў Гавел адзначыў, што, сапраўды, шмат якiя беларусы знайшлi ў Празе другi дом. Выбары ў Беларусi Гавел ацанiў як спосаб усталявання "вельмi аўтарытарнага рэжыму, якi папiрае грамадзянскiя свабоды. У мiнулыя дзесяцiгоддзi за камунiстамi мы мелi падобны вопыт у Чэхii". Гавел, аднак, выказаў спадзяванне, што цяпер у Беларусi больш шанцаў дамагчыся дэмакратыi, чым мелi ў свой час чэхi, паколькi не iснуе нi савецкай iмперыi, нi Варшаўскага пакта. "Беларускае грамадства чакае доўгi этап змагання за свае правы, але ў iм яно можа разлiчваць на нашу падтрымку", -- сказаў прэзiдэнт Чэхii.


Апошнiя словы Гавела выглядаюць не простай фармальнасцю. У днi, калi цывiлiзаваны свет заяўляе пра абмежаванне стасункаў з афiцыйным Мiнскам, сустрэча аднаго з найбольш аўтарытэтных i ўплывовых палiтыкаў Захаду з пiсьменнiкам, якi ў свядомасцi еўрапейцаў увасабляе беларускую нацыю, -- знак таго, што Еўропа размяжоўвае лукашэнкаўскi рэжым i беларускi народ i бачыць у Беларусi дэмакратычную перспектыву.


Дарэчы, на працягу апошнiх гадоў Чэхiю наведвалi i сустракалiся з кiраўнiцтвам краiны Зянон Пазьняк, Iвонка Сурвiлла, Вiнцук Вячорка, Станiслаў Шушкевiч, Анатоль Лябедзька i шмат якiя беларускiя праваабаронцы.


Падчас трохдзённага знаходжання ў Празе Васiль Быкаў сустрэўся таксама з чэшскiмi лiтаратарамi, даў iнтэрв'ю карэспандэнтам пражскiх i заходнiх газет, выступiў у жывым эфiры беларускай службы радыё "Свабода".


Сяргей НАВУМЧЫК, Прага.

hosting provided by ext|media