Вялікі паэт І цяпер — памёр наш Вялікі Паэт. Анэкдот пра “вершы Быкава” не такі ўжо абсурдны, калі слова паэт разумець у вышэйшым сэнсе, ведучы адлік ад Гамэра. Такая іронія праўды! Амаль сто гадоў таму сьмерць Талстоя для нашых суседзяў мела блізкую вагу. Надоўга гэтая сьмерць стане вяхою, якой мы чакалі і баяліся. Бо ня скора будзем мець, і ці будзем, такога заступніка перад сьветам. Фэномэн Быкава народжаны савецкаю эпохай, але насуперак саветам. Махіну каляніяльнае культуры пісьменьнік volens nolens скарыстаў для “раскручваньня” свайго таленту, для таго, каб сказаць сьвету, што “Жыве Беларусь!”. Ён, як ніхто іншы, нідзе не пахібіў, не адхіліўся ад няпісанага кодэксу Вялікага Паэта. Сёньня можна колькі заўгодна капацца ў прыватным жыцьці пісьменьніка, шукаць дробныя, “пабытовыя” абмылкі, але не знайсьці ў ім абмылаў быцьцёвых. Як ні спакушалі вакол, як ні даводзілі то расейскасьць, то савецкасьць Быкава — памёр ён беларускім нацыяналістам. І памёр, як шчыры беларус, сэнсоўна, можна сказаць, “рупліва”. Патрапіў вярнуцца на родную зямельку. Пры нагодзе хочацца ўспомніць адну дэталь,
якая ў свой час моцна мяне ўразіла. У сярэдзіне васьмідзясятых гадоў я
недзе пачуў ці прачытаў, што Быкаў дзеля творчае свабоды адмовіўся ад
нейкае высокае пасады. Так гэта было ці не зусім, але я доўга разважаў
гэты факт. Ён ператварыўся для мяне ў прыпавесьць. Тады я не сумняваўся
ў рацыі Ніцшэ, што ўсё жывое імкнецца да ўлады. Але якой? Во пытаньне!
І што значыць улада Бісмарка супраць улады Гегеля! Улада Аляксандра Македонскага
— супраць улады Плятона, Дыягена! Ад першых у найлепшым разе засталося
імя, а другія і да гэтае пары валодаюць нашымі думкамі. Імя Быкава даўно стала жывым аргумэнтам. Адзін
гарадзенскі змагар з адраджэньнем яшчэ гадоў пятнаццаць таму назваў яго
“буйной артылерыяй беларускага нацыяналізму”. І зь якой палёгкаю ўспрынялі
гэтую сьмерць ворагі! Цікава было назіраць розьніцу: як пахаваньне апісвалі
сьведкі і як яго падавала тутэйшая тэлевізія. Апошняя надта моцна ціснула
на савецкія заслугі Быкава, на тое, што ён герой сацыялістычнай працы.
Нібы хацела ўпхнуць Паэта ў рамкі чыноўніцкае велічы і наагул нэўтралізаваць
— нарэшце! — яго беларускасьць. Як тут ня ўспомніць “Легенды пра Вялікага
Інквізытара” Дастаеўскага. Мёртвы паэт зручнейшы за паэта жывога! P. S. У нядзелю 27 ліпеня ў Фарным касьцёле Горадні адбылася задушная адправа па Быкаву. Дзеля гэтага я адумысна прыехаў зь вёскі. Але адразу ледзь стрымаўся, каб ня выйсьці з храму. Нейкі ксяндзок пачаў з таго, што працытаваў, нібы айца Царквы, начальніка рэспублікі, пэўна ж, не бяз згоды свайго начальства. Нават у савецкія часы ні Брэжнева, ні Леніна не цытавалі. І гэта ў касьцёле! А скончылася ўсё тым, што Божы служка, не дабыўшы да канца, хутчэй пабег сьвянціць аўтамабілі...
|