У вянок Пісьменьніку Быкаўскія творы савецкага часу былі напісаныя на тэму ня толькі прымальную, але і вітаную літаратурным канонам таго часу — “вялікай айчыннай вайны”. Ня ён адзін пісаў на гэтую тэму; у 1940—50-х гадох аўтары ўва ўсім Савецкім Саюзе бачылі ў вайне тэму, якая дазваляла ня толькі знайсьці чытача, але й была палітычна “правільнаю”. На жаль, палітычная “правільнасьць” зачаста абарочвалася пэўнай просталінейнасьцю сюжэту: адважныя савецкія салдаты й партызаны, крыважэрныя гітлерцы, здраднікі-паліцаі выконвалі свае ролі з праўдзівасьцю марыянэтак. Быкаў унёс у тэму новыя падыходы — ягоныя героі былі асобамі ў поўным сэнсе гэтага слова, ён не баяўся пісаць пра іхныя ўнутраныя страхі, перажываньні, пра зьдзічэньне звычайнага салдата, пра памылкі й жахі сыстэмы, за якую прыходзілася рызыкаваць, а часта і ахвяраваць жыцьцём. Пры гэтым яму ўдалося надаць новую шырыню й глыбіню жанру ваеннага раману. Пасьля, у другой палове 1980-х, калі розныя “нефармальныя” групы й рухі паўсталі на абарону беларускае культуры, ідэнтычнасьці й традыцый, Быкаў пачаў адыгрываць новую грамадзкую ролю. У апошнія гады свайго жыцьця ён быў вымушаны шукаць часовага прытулішча за мяжой, аднак паміраць вярнуўся ў Беларусь — і гэта красамоўна гаварыла пра цяперашні стан краіны. Як і рытуалы, якімі суправаджалася ягонае пахаваньне — калі за вонкавымі пахваламі ўладаў хавалася імкненьне абмежаваць маштаб падзеі, і настойлівасьць, зь якой ягоная сям’я дабівалася, каб пісьменьніка пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам, а не пад флягам рэжыму. Але навошта я ўсё гэта пішу? Вы, мае беларускія
сябры, ведаеце гэта лепш, чым я. Проста дадаю гэтыя думкі, запісаныя далёка
ад Беларусі, у вянок вялікаму пісьменьніку, зь якім я мела шчасьце сустракацца
ў апошнія гады ягонага жыцьця.
|