|
|
"Сэрца над
Пражскiм Градам"
газета "Народная Воля"
ад 14.12.2002
Васiль Быкаў будзе жыць у Чэхii
"Помаявшись в Европе, Быков вернется домой. Там он не нужен никому".
Сяргей КАСЦЯН, дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь.
"Даць Васiлю Быкаву i ягонай жонцы магчымасць жыць у Чэхii -- гэта
не толькi наш абавязак, гэта вялiкi гонар для нашай дзяржавы". Вацлаў
ГАВЕЛ, прэзiдэнт Чэхii.
У апошнiя днi Чэхiя паказала, хто ў Еўропе сапраўды не патрэбны, а каго
тут чакаюць. Год таму Вацлаў Гавел сказаў Васiлю Быкаву, што ў ягонай
асобе ён вiтае дэмакратычную Беларусь. Калi дадаць, што цягам апошнiх
гадоў гасцямi ў Пражскiм Градзе былi Iвонка Сурвiлла, Зянон Пазняк, Станiслаў
Шушкевiч, лiдэры дэмакратычных партый, -- дык зразумела, што чакаюць у
Еўропе тых, хто ўвасабляе iмкненнi беларускага народа да незалежнасцi
i свабоды.
У Еўропе сапраўды даўно чакаюць Беларусь. Праўда, без некаторых адыёзных
асобаў.
З гэтага тыдня Васiль Быкаў разам з жонкай маюць бестэрмiновую чэшскую
вiзу, будуць стала жыць у Чэхii, але гэта -- не палiтычны прытулак. Застаючыся
беларускiмi грамадзянамi, яны, канешне, будуць наведваць Радзiму. Дзе,
акрамя блiзкiх i сяброў, Быкава сустракае i цкаванне з боку працiўнiкаў
незалежнасцi Беларусi, дэмакратыi, свабоды слова, усяго таго, што Быкаў
абараняў i што ён у свядомасцi еўрапейцаў сiмвалiзуе.
Нашчадкi ўладароў i праз стагоддзi вымушаны
апраўдвацца за дзеяннi сваiх продкаў i, што паказальна, не толькi за войны
цi забойствы апанентаў, а i за цкаванне вялiкiх творцаў. Ужо зразумела,
што адным з найбольш сур'ёзных абвiнавачванняў Лукашэнку будзе арганiзавана
ягоным прапагандысцкiм атачэннем цкаванне Быкава.
Летась у вераснi прэзiдэнт Чэхii падпiсаў мне кнiгу, намаляваўшы абрысы
сэрца. Аказваецца, сэрца -- гэта пастаянны элемент подпiсу Гавела. Цяпер,
калi Васiль Уладзiмiравiч i Iрына Мiхайлаўна прыехалi ў Прагу, над прэзiдэнцкiм
палацам у Пражскiм Градзе запалiўся чырвоны неонавы абрыс сэрца -- Вацлаў
Гавел, якi праз некалькi тыдняў сыходзiць з пасады прэзiдэнта, гэткiм
чынам вiтае суайчыннiкаў i гасцей старажытнай Прагi ў перадкалядныя днi.
А якая выява пасуе для прэзiдэнцкай рэзiдэнцыi ў Мiнску?
Сяргей НАВУМЧЫК.
Прага.
|