Усенародны, беларуска-савецкі
З Васілём Быкавым адышла ў нябыт цэлая эпоха нашай культуры: ільга сказаць,
што зь ягонай сьмерцю канчаткова сталася гісторыяй беларуская савецкая
літаратура — прынамсі тое лепшае, што было ў ёй створана. У апошні час
Быкава імкнуліся прэзэнтаваць як выключна беларускага пісьменьніка, дый
сам ён шчыра імкнуўся ім быць, але наколькі гэта ў яго выходзіла — пытаньне.
Гэтаксама як нябожчык Мулявін быў беларуска-савецкім, а такім чынам і
“ўсенародным” музыкам, гэтак і Быкаў быў усенародным, беларуска-савецкім
пісьменьнікам. У гэтым, бадай, — ягоная найбольшая трагедыя, аднолькавая
з трагедыяй усіх беларусаў. Нездарма абедзьве сьмерці, Мулявіна й Быкава,
здолелі культурна зьяднаць беларусаў — як “сьвядомых”, так і “саўкоў”
— у адзін народ. Хтосьці ганарыцца імі за іхную беларускасьць, хтосьці
— за іхную ўсесаюзную прызнанасьць, што таксама ёсьць формай (а можа,
і неаддзельным складнікам) нацыянальнага гонару. Таму ўсе спробы “падзяліць
Быкава”, прысвойтаць яго сабе й адабраць яго ў астатніх — камічныя й зьневажальныя
для ягонай памяці: яны нагадваюць нейкі палітычны маскарад, штосьці накшталт
сутычкі дзьвюх груповак футбольных хуліганаў, якім не спадабаўся нічыйны
вынік матчу. Сьмерць нібыта павінна змушаць забывацца аб палітычных сварках
— у нас жа, наадварот, яны толькі ўзмацніліся, што можа сьведчыць адно
аб адсутнасьці нацыянальнай культуры пахаваньня. А можа, не дарасьлі мы
да Быкава? Дзяржава не дарасла да разуменьня ані ягонай палітычнай пазыцыі,
ані таго, што раскоша мець ворага ў асобе такога вялікага чалавека можа
дорага каштаваць. Апазыцыя не дарасла да разуменьня таго, што на Быкава
маюць права ўсе, а ня толькі тыя, хто стаіць пад бел-чырвона-белым ці
пад чырвоным (пад якім ён, як ні круці, ваяваў) сьцягамі. Безумоўна, былі
часы, калі пахаваньні пэўных “неўпадабаных” асобаў ператвараліся ў стыхійныя
(!) палітычныя маніфэстацыі, але ў такіх выпадках прадстаўнікі дзяржавы
не дасылалі нябожчыку вянкоў ды не хавалі яго за дзяржаўныя грошы. У выпадку
з пахаваньнем Быкава стыхійнай палітычнай маніфэстацыі, нягледзячы на
ўсю шырыню падрыхтоўкі да яе, дзякуй богу, ня выйшла. Было стыхійнае,
палітычна неакрэсьленае й насамрэч жалобнае шэсьце, якое адвеку было сымбалем
нацыі: “А хто там ідзе...” Шкада, што ў нейкі сымбаль паспрабавалі ператварыць
і самога нябожчыка, што было цалкам празьмерным: сымбалем ён стаўся ўжо
пры жыцьці. Пасьля сьмерці ён таксама застаецца сымбалем, знакам калі
не бяды, дык паняверкі: што далей? Адчуваньне, як пасьля такога самага
хаўтурнага шэсьця ў апошняй сцэне “Гамлета”: п’еса скончаная, дадаць няма
чаго. Варта аддаць належнае акторам, пайсьці дамоў, яшчэ раз перачытаць
тэкст, задумацца над ім і паспрабаваць яго зразумець.