| Дом Ваciля Быкава
- стары i новы Напярэдадні юбілею Быкава музэй аўральнымі тэмпамі дабудоўваўся, прычым працавала чалавек дзесяць, а вакол з паважным выглядам дэфілявала вушацкае начальства, што прыехала на дзьвюх службовых “Волгах”. Усе, хто працаваў на аб’екце, упэўненыя, што рэканструяваць стары будынак было немагчыма. Гаворыць дырэктар будучага быкаўскага музэю Мікола Кірпіч: (Кірпіч: ) “Паверце мне — нічога тут не зруйнавана. Тут час зруйнаваў усё тое, што было. Тут жа ўсё ляжала ў страшных руінах. Я, як музэйшчык, ваяваў за старую хату, думаў, нястрашна, што столь правалілася. Думаў — заменім пару вянцоў зьверху, і ўсё будзе нармальна, дабудуем. Але калі мы прыехалі й пабачылі, што ўсё тут згніло, усё зьеў шашаль, выйсьця не было — толькі будаваць хату нанава. Што і зрабілі, дзякуй Богу”. (Скобла: ) “Наколькі суадпаведны новы будынак старому?” (Кірпіч: ) “Тут усё зроблена адзін да аднаго, сантымэтар да сантымэтра — так, як і было. Нас крытыкавалі за невялічкі памер уваходных дзьвярэй. Паводле сучасных правілаў і мерак яны павінны быць ня менш за 2 мэтры 20 сантымэтраў. Мне казалі: вось вы сам высокі, як вы будзеце заходзіць? А я кажу: так, як Быкаў заходзіў, парогу кланяючыся”. (Скобла: ) “А якія рэчы ў новым музэі будуць аўтэнтычныя?” (Кірпіч: ) “Што засталося сапраўднае, быкаўскае… Заслонка для печы, ручкі ў дзьвярах, дзьве лавы, абраз застаўся — той, які вісеў у старой хаце. Ну і ўсё, напэўна”. За плотам на суседнім падворку звалена тое, што засталося ад хаты Быкава: бярвеньні, аконныя рамы, дзьверы. Нават пры павярхоўным аглядзе відно, што бярвеньні сапраўды трухлявыя. Але чаму пра іх захаванасьць нельга было парупіцца раней — ужо і трыццаць, і сорак гадоў Быкава чыталі ва ўсім сьвеце. Яшчэ паўвека таму над трухлявым дамком у грузінскім горадзе Горы быў узьведзены ахоўны шкляны купал. З таго часу рэстаўрацыйныя тэхналёгіі пэўна ж не стаялі на месцы, і пры жаданьні Дом Быкава можна было бы захаваць. Галоўным кансультантам будаўнікі запрасілі сястру пісьменьніка Валянціну Быкаву, у якой дазволу на руйнаваньне сямейнай спадчыны ніхто не пытаў. (Быкава: ) “Не, пытацца яны не пыталі. Я па радыё пачула, што робіцца музэй. Ну а які й як, дык я да апошняга ня ведала”. Новазбудаваным домам спадарыня Валянціна задаволеная: (Быкава: ) “Ай, а чаму ж не? Гэткая хатка красівая. Я, як пабачыла першы раз, дык не пазнала — ай-яй-яй, як царкоўка, стаіць: беленькая, бёрнышкі гладзенькія”. (Скобла: ) “А як бурылі старую хату, не шкада было?” (Быкава: ) “Шкада, вядома ж, але я ведала, што пабудуюць новую”. Ня ўсё, аднак, у новым будынку зроблена так, як было ў старым. Прыкладам, падлогу наслалі з дошак, а была яна цаглянай. (Быкава: ) “Спэцыяльнай цэглай падлога была вымашчаная. Мама яе заўсёды к сьвяту мыла, бо ж нагамі затоптвалася. А памые — красьненькая падлога, красівая такая робіцца”. Спадарыня Валянціна абураная той хлусьнёй, якую ўзводзілі на брата ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі: (Быкава: ) “Апошнія гады хапала крытыкі. Памятаю, выступала нейкая Чайка па радыё: “Што ж Быкаў гаворыць, нібыта ў яго кепска з кватэрай, тэмпэратура нізкая, а я ж пазваніла суседцы Быкава, а ў яе больш як 20 градусаў зімою было”. Ну нашто ж было так хлусіць? Я ж сама ў яго кватэрцы была многа разоў, а яна ж халодненькая была… Перажывала я, а што ты зробіш… А я ж пра яго і ў газэтах чытала, і па радыё слухала. А ён як прыяжджаў, то называў мяне — мая палітыканка”. Старую хату свайго сябра прыгадвае паэт Рыгор Барадулін: (Барадулін: ) “Я яшчэ памятаю гэтую хату, калі ў ёй жылі, калі жыла Васілёва мама. Частаваўся ў ёй смачнымі вушацкімі прысмакамі. Разумееце — зараз усё новае, няма аўтэнтычнасьці. Хай бы яна была старая, трэба было нешта недзе паднавіць, і тады больш даставернасьці было б. А так усё сьвежае, белае робіць уражаньне нейкага лубка, трошкі нават Расеяй патыхае. Але самае цікавае, што новую хату ластаўкі прызналі. Яны спачатку вілі гняздо ў хаце, іх адтуль выгналі, потым у пуні — і адтуль прагналі. Тады яны ў вільчаку знадворку зьвілі. А там, дзе ластаўкі, там шчасьце. Так што доўга стаяць гэтай хаце”. Будучы дом-музэй узводзіўся вельмі хуткімі тэмпамі. Дом, пуня і хлевушок зьявіліся на старым котлішчы літаральна за месяц. Брыгада зь дзесяці чалавек працавала штодня зранку да вечара. Прычым афіцыйны дазвол на будаўніцтва быў атрыманы толькі 31 траўня, так што калі б будаўнікі строга трымаліся інструкцыяў, адкрыць дом да дня народзінаў народнага пісьменьніка адназначна не пасьпелі бы. Брыгадзір Віктар Фокін, з паходжаньня расеец, нэрвуецца: на яго думку, начальства ўсё роўна будзе незадаволенае. Ён доўга не адважваецца гаварыць у мікрафон, нарэшце прызнаецца, што трымае яго на гэтай аўральнай будоўлі: (Фокін: ) “Вы ведаеце, я бы сёньня тут не стаяў і не зьбіраўся бы нешта рабіць. Мне цяжка, у мяне працоўны дзень цяпер да васьмі гадзінаў вечара, жонка лаецца, свае справы ўсе закінуў. Калі б гэта быў ня дом Быкава, я б даўно плюнуў і сышоў, калі шчыра казаць. Калі б не было такіх людзей, як Быкаў, дык і Беларусі не было б”. Бычкі — невялікая вёсачка на два дзясяткі хатаў, палова зь якіх даўно пустуе. Адзінае месца, дзе віруе жыцьцё — быкаўскі падворак, там верашчаць электрапілы і стукаюць сякеры. Грамадку дзяцей я таксама пабачыў на падворку. Пяціклясьніца Насьця нарадзілася ў Бычках, яна ганарыцца тым, што бачыла жывога Васіля Быкава: (Насьця: ) “Ну, гэта было гады тры назад, ён прыяжджаў зь сябрам Рыгорам Барадуліным на магілу свайго брата Міколы. Я падыходзіць пасаромелася, толькі здалёк бачыла”. Напярэдадні 19 чэрвеня будаўніцтва дому-музэю
не прыпынялася ні на хвіліну. Будаўнікоў не спыніў нават дождж, які нечакана
сыпануў з наляцелай хмары. У доме пахла сьвежай драўнінай і дымам, нехта
правяраў цягу ў новай печы. Пра Васіля Быкава нагадваў ягоны франтавы
партрэт, які суседнічаў зь перанесеным са старой хаты абразом на покуці.
Ад’яжджалі мы з зацішных Бычкоў заасфальтаванай высілкамі Быкава яшчэ
за савецкім часам дарогай, якую ўвесь мясцовы люд называе Васілёвай.
|