| Выдавецтва “Мастацкая літаратура” адмовілася выдаваць васьмітомнік Васіля Быкава Такі лёс задуманаму сябрамі выданьню
Васіль Быкаў прадказваў ад самага пачатку працы над першым томам яшчэ
тры гады таму. У тое, што дзяржаўнае выдавецтва у цяперашніх умовах выдасьць
збор ягоных твораў, аўтар ня верыў – і не памыліўся. -Заплянаваны васьмітомнік дырэктар “Мастацкай літаратуры” Уладзіслаў Мачульскі рэклямаваў у прысутнасьці Васіля Быкава на міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне яшчэ ў 2002 годзе, аднак выданьне першага тому неаднаразова пераносілася. Год таму ўсе прэтэнзіі выдаўцоў былі палагоджаныя, гаворыць укладальнік і аўтар прадмовы да выданьня доктар філялёгіі Міхась Тычына. (Тычына: ) “У тым верасьні мы ўжо вычыталі карэктуру. Том быў зьвярстаны. Прадмову да яго разы тры мянялі, бо кожны, хто чытаў, меў нейкія прэтэнзіі, – у асноўным чыста палітычныя моманты”. Тым ня менш, і сёлета цалкам падрыхтаваны да друку першы том ня выйшаў. Ня ўнесены ён у выдавецкія пляны і на 2005 год. На маё пытаньне, чаму, галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Праўдзін адказаў наступнае. (Праўдзін: ) “На ўсіх імпрэзах задаюць нейкія дзікія пытаньні: чаго мы Караткевіча не выдаём, чаго мы таго не выдаём, чаго мы Быкава не выдаём? Божа мой, у нас чатырыста выдавецтваў! Дык выдавайце, людзі, калі вы лічыце, што тут яны ня выходзяць, ну!” Укладальнік васьмітомніку Міхась Тычына са шкадаваньнем гаворыць пра няспраўджаныя абяцаньні дзяржаўных выдаўцоў. (Тычына: ) “Карацей, змарнавалі час,
працу, дый усё… Атрымалася зусім ня тое, што плянавалі. А пляны былі выдатныя:
так, як робіцца ў акадэмічнай навуцы – тэксталёгію па ўсіх правілах навукі
мы рыхтавалі, з камэнтарамі, храналягічна… Быкаў у гэтым выданьні сапраўды
быў бы Быкавым”.
|