by-мэню
eng-menu
ru-меню

Васілю Быкаву – 79 гадоў
10:53, 19/06/2003

Сярод нас так мала людзей, якіх можна назваць жывымі клясыкамі. Васіль Быкаў – жывы клясык. У нашай краіне няма чалавека, які б ня ведаў гэтага імя. Сёньня Васілю Ўладзімеравічу спаўняецца 79 гадоў. Сёньня ў райцэнтры Старыя Дарогі, на тэрыторыі прыватнага музэю выяўленчага мастацтва праходізць адкрыцьцё памятнага знака ў яго гонар. Пры жыцьці помнікам уганароўваюцца толькі лепшыя зь лепшых...

“Васіль Быкаў – гэта наш гонар. Гэта той чалавек, па якім мяркуюць пра Беларусь ва ўсім сьвеце. Ён заслугоўвае таго, каб яму пры жыцьці ўсталявалі помнік”, -- сказаў у інтэрвію ИТАР-ТАСС адзін зь ініцыятараў узьвядзеньня памятнага знаку, стваральнік і ўладальнік прыватнага музэю, сябра беларускіх саюзаў пісьменьнікаў і мастакоў Анатоль Белы.

Гранітны камень з бронзавым барэльефам Васіля Быкава будзе стаяць у музэі побач зь іншымі памятнымі знакамі ў гонар знакамітых беларусаў. Тут ужо ўвекавечаныя імёны, напрыклад, дзяржаўнага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі, паэта Максіма Багдановіча, паэтэсы Ларысы Геніюш.

“Шкада, што сам віноўнік урачыстасьцяў ня здолее прыехаць на адкрыцьцё памятнага знаку”, -- сказаў Анатоль Белы. Зараз народны пісьменьнік Васіль Быкаў пасьля складанай апэрацыі, зробленай за мяжой, праходзіць у Менску курс рэабілітацыі.

Вядомасьць Васілю Быкаву прынесла аповесьць "Трэцяя ракета", напісаная ў 1962 годзе. У 1960 годзе ён публікуе аповесьці "Альпійская балада", "Мёртвым не баліць", у 1970-е -- "Сотнікаў", "Абеліск", "Дажыць да сьвітаньня", "Пайсьці і не вярнуцца".

Гэтыя творы паставілі Васіля Быкава ў адзін шэраг з выдатнымі майстрамі ваеннай прозы XX стагодзьдзя. У 1983 годзе была апублікаваная аповесьць "Знак бяды", якая атрымала ў 1986 годзе Ленінскую прэмію.

Сярэдзіна 90-х быццам вярнула пісьменьніка ў савецкія часы. Шырокая траўля ў дзяржаўнай прэсе, забарона выхаду яго новых твораў, пагаршэньне здароўя на гэтай глебе вымусілі Быкава пакінуць Радзіму. Некалькі гадоў ён жыў за мяжой.

У сьнежні мінулага году Васіль Быкаў пераехаў на сталае месца жыхарства ў Чэхію. Тады пісьменьнік сказаў, што ён “даўно марыў пасяліцца ў Чэхіі, заўсёды меў сымпатыю да гэтай краіны і яе грамадзянаў”. У рашэньні праблемы пераезду Быкава ў Чэхію актыўны ўдзел прымала канцылярыя чэскага прэзыдэнта і асабіста Вацлаў Гавэл. Некалькі апошніх гадоў Герой Сацыялістычнай Працы, ляўрэат Ленінскай прэміі, Народны пісьменьнік Беларусі пражываў у ФРГ, а да гэтага ў Фінляндыі.

Сёньня свой Дзень народзінаў пісьменьнік адзначае на Радзіме.

Віншуем, Васіль Уладзімеравіч!


www.charter97.org

hosting provided by ext|media