| Аблава Быў ён немаладога веку, даўгалыгі і шырокі ў плячах, але надта худы, з жылаватай выцягнутай шыяй. На даўно не голеным твары чырванеў даўгі прастуджаны нос, з-пад святлявых броваў насцярожана зыркалі шэрыя вочы. Рот яго быў трохі разяўлены - ад стомы ці залішняй увагі, і з-пад абвіслых вусоў вытыркаліся два ніжнія зубы, іншых спераду не было відаць. Дыханне ў чалавека чулася сіпатае і частае - усё ж, мусіць, далася яму ў знакі гэтая хада па балоце. Апрануты ён быў у зрудзелы ад старасці вясковы армячок-паддзёўку, залаплены на плячы чорным суконным лапікам, на запалым жываце скасабочана трымалася раменная папружка. Пакамечаная кепка на галаве даўно ўжо страціла сваю ранейшую форму і выглядала нібы аблавушка - відаць, насілі яе не адзін год. Мабыць, таксама, як і порткі, спераду і ззаду абсаджаныя лапікамі, на якія, у сваю чаргу, былі прышыты новыя лапікі - такія зношаныя былі порткі. Бадай, самае спраўнае на чалавеку былі ягоныя пасталы, хоць і раскіслыя ад вады, але з моцнай сырамятнай скуры, туга сцягненыя на нагах вераўчанымі забэрскамі, канцы якіх былі абкручаны аднізу на калашынах тых нехуцавых порткаў. Ніякай ношы ці хатулька ў чалавека не было відаць, вольныя рукі яго, аднак, не матляліся, а напаўсагнутыя насцярожана віселі па баках. Відаць было па ўсім, што чалавек даўно ішоў адзін, звыкся са сваёй адзінотай і старанна абмінаў людзей. Людзі для яго былі найвялікшаю небяспекай у полі, на дарогах, ці не таму ён выбіраў шлях воддаль ад дарог, паселішчаў, між параснікаў і балацявін або цераз лес. За час блукання ён адвык ад чалавечага голасу, сам маўчаў, толькі напружана, да болю ў галаве, думаў і безупынна ўзіраўся ў наваколле. Слых яго стаў такі востры, што ён лёгка заўважаў самы кволы птушыны шолах у кустоўі, за вярсту лавіў стук калёс на дарозе; нягучны дзіцячы вокрык даваў яму знаць, дзе пасвіцца вясковы статак. Статка ён не баяўся, ужо разы тры, натрапіўшы на пастушкоў, разжываўся ў іх хлебам ці бульбінай, аднойчы нават паспытаў трохі сала. Сала дала дзяўчынка, якая разам з другой гэткай жа малечай пасвіла шэсць каровак на ржышчы пад лесам, і ён, вылезшы з кустоўя, спярша папытаўся, якая вёска здаля на пагорку і як клічуць дзяўчынку. Мусіць, тая ўсё ж напалохалася, але адразу выняла з кішэні бацькавай світкі загорнуты ў чыстую анучку свой полудзень і моўчкі аддала дзядзьку. Ён узяў, адышоўся і, хоць быў згаладнелы, бы воўк, не мог узяцца есці - так узрушыў яго той яснавокі позіркі дзяўчаці, які неспадзеўкі нагадаў яму ягоную дачушку Волечку. Добра адышоўшыся па ўзлеску, ён зашыўся ў гушчар і не стрымаўся - заплакаў, мо першы раз з таго часу як пахаваў дачушку. Не суджана было ёй пабачыць сваю зямельку, прыбраў бог на чужой старане, навек супакоіў над жвіровым абрывам далёкай сцюдзёнай ракі. А бацька дайшоў. Прырэчная імшарына разам з ракой крута паварочвала ўбок, наперадзе між кустоўя засінеўся хвойны грудок, і Хведар Роўба запаволіў хаду, гатовы зусім спыніцца. На твары яго адбіўся выраз тугі, нават болю, ён зморшчыўся сваімі зашчаціненымі маршчакамі, нібы збіраўся заплакаць. Ды і сапраўды ледзь не заплакаў, расчулены, можа, пазнаўшы памятную з дзяцінства мясціну - той пясчаны грудок сярод балацявіны, на якім зімой і ўлетку зелянела купка стромкіх старых хваін. Там, ведаў, была дарога, якою ён калісьці ездзіў на станцыю, у мястэчка, малы - з бацькамі на кірмашы, затым у раён да начальства, колькі разоў вазіў нарыхтоўкі збожжа, падатак просты і два разы цвёрды. Грудок, здаецца, не змяніўся за ўсе доўгія пяць гадоў, як Хведар не бачыў яго, хвойкі нібы папрыгажэлі нават і бухмата зелянелі зводдаль, быццам слалі яму прывітанне з таго даўняга самотнага дня, як ён апошні раз глядзеў на іх з воза па дарозе на станцыю. Вельмі яму хацелася падысці да грудка, каб хоць зірнуць на знаёмыя мядзяныя камлі хвой, сухі жвірысты дол, ды ён не пайшоў. Блізка было і жадана, але... Наперадзе, мусіць, чакалі яго і яшчэ болей родныя мясціны, а там, за грудком на дарозе, маглі паявіцца людзі. Свае, знаёмыя, дзеравенцы. Але сустрэчы са сваімі і знаёмымі ён баяўся болей за ўсё. «Божа літасцівы, чаму ж я такі нешчаслівы? - звыкла падумалася Хведару, як думалася бадай штодня ўсе пяць гадоў ягоных пакут. - Жывуць людзі, спакойна ходзяць па гэтай зямельцы, і, мусіць, ніхто не ведае, як без яе. А я...» А ён, калісьці гвалтам адарваны ад яе, здаецца, здзічэў нутром ад самоты па ёй, спарахнеў розумам. Двойчы за апошні год ён уцякаў - па-дурному, без падрыхтоўкі і аніякага шанцу, дзе ж было дапяцца да ўдачы. Але во ці не пашэнціла ўсё ж, калі ўжо зніклі ўсе спадзяванкі. Здаецца, і напраўду хутка ён убачыць свой родны кут, сваё поле, стрэхі маленечкай падлеснай вёскі Нядолішча, з яе малаўрадлівымі палеткамі, балоцістым выганам і параснікамі, дзе мінулі яго маладыя гады, дзе будучыня колісь паклікала яго да незабыўнага, зманлівага шчасця. Няўжо цяпер яму надарыцца такое? Ад таго грудка па дарозе заставалася тры вярсты да канчатковае мэты яго падарожжа. Няўжо яна спраўдзіцца? Каб не ісці па дарозе і размінуцца з грудком, трэба было неяк праскочыць па вузенькай голай лагчынцы з ручаём, перайсці па той бок дарогі, бо на гэтым пачыналася балота, па якім ён, мабыць, не пройдзе. Тут ужо ён наскрозь усё ведаў, не трэба было пытацца. Ён і раней ні пра што не пытаўся, хіба дзе ў пастушкоў, аднойчы - у бабкі, што з кійком у руках брыла па дарозе ў полі. І ніколі - у мужчын ці маладых хлопцаў, дзевак, якія хутка маглі яго затрымаць, здаць у міліцыю. На маладых надзеі не было ніякай, тыя цяпер спрэс камсамольцы, выхаваныя ў нянавісці, падазрэнні да кожнага чужога, незнаёмага. А да такога знаёмага, як ён, - тым болей. Дарогу ён перабег удала, паблізу нікога не было відаць, і, трохі захінуўшыся за кустамі алешніку, даклыпаў да большага лесу. То быў край вялікага Казённага лесу, у якім некалі выдзялялі дрэвы сялянам - на пабудову. Ён і сам пілаваў тут на хату, як будаваўся пасля вайны на сваім толькі што прыдбаным надзеле, які тады наразаў яму сельсавет - дванаццаць дзесяцін - па дзве дзесяціны на душу. А было ў яго тады шэсць душ: ён з жонкай Ганнай, двое старых, сынок Мікалай ды малая дачушка Волечка, якая ў той год нарадзілася. І ён, пагарджаны парабак, патомны беззямелец, стаў уладаром гэткага багацця зямлі з былога панскага прасцягу пад лесам. Помніў, душа яго спявала ад шчасця, белы свет здаваўся несканчона зіхоткім раем. Пабудаваў хату, гумно, хляўкі - зажылі... Недзе тут, у лесе, між негустых таўшчэзных хваін, павінна была трапіцца яму старая дарожка, але ён не стаў шукаць яе, пайшоў наўпрост. Стомлены, згаладнелы, з настылымі мокрымі нагамі, ён не мог адолець у сабе трывожнага неспакою і міжволі імкнуўся наперад - каб толькі хутчэй. Часам нават забываўся на асцярогу і шыбаваў наўпрост, праз хмызняк і кустоўе, хрускаючы апалым суччом; перайшоў беразнячок-падлесак і выбраўся на амаль чысты і голы расцяроб-дзялянку. Дзесьці паблізу была і ягоная дзялянка, дзе ён са шваграм Тамашом пілаваў узімку бярвенне, падлетак Міколка памагаў тады абсякаць суччо. Дзе цяпер той Тамаш?.. Усё ж ён трохі прабег па зарослай травой лесавой дарожцы - ісці спакойна ўжо не ставала сілы, - усё ў ім імкнулася наперад, туды, дзе на ўзлеску павінна было паказацца поле і ягоная асірацелая без гаспадара сядзіба. Канешне, не пустуе, хтось там жыве... А няшчасны гаспадар, здаецца, траціў развагу ад нецярпення, узрушэнне калаціла яго нервовай дрыжакай, так хацелася яму згледзець хутчэй дранкавы дах з чырвоным комінам, саламяныя стрэхі хляўкоў, гародчык пад вокнамі, некалі поўны вяргіняў, яблынькі ў садку па-над сажалкай. Як садзіў ды прышчэпліваў, былі яшчэ малыя, са жменькай лісточкаў у суччы, а цяпер... Цяпер, мабыць, ужо стаяць з яблыкамі. Не дзіва, мінула столькі гадоў. Ён выбраўся на ўзлесак ля старой, знаёмай з дзяцінства раскарэкі-грушыны, травяны дол пад якой быў спрэс абсыпаны свежымі і ўжо гнілаватымі грушамі; безліч іх жаўцела ў пажухлай лістоце. Адсюль ужо добра відаць быў вялізны прасцяг узаранага на зябліва поля. Хведар марудна клыпаў па ўзлеску, усё пазіраючы ўніз, да ручая, дзе ляжаў ягоны сіроцкі надзел. За ім віднеліся ўдалечы крайнія хаты Нядолішча - стрэхі хляўкоў, садкі і платы ля гародаў. На крайнім агародным шнурку, сагнуўшыся, поркалася жанчына ў чырвонай хусціне, мусіць, нехта з Антосевых баб выбіраў бульбу. Але дзе ж ягоная сядзіба, дзе хаты і будынкі? На раўнінным, трохі пакатым пляцы надзелу з слабенькай восеньскай рунню гойдалася на ветры некалькі велікаватых ужо дрэў садка, ніводнай жа будыніны не было побач. Скрозь ляжаў прасцяг голага поля - ад лесу аж да самай сажалкі ўнізе. Хведар яшчэ ішоў, нязграбна шоргаючы пасталамі ў сухім быльнягу ля ўзлеску, але сілы яго ўсё марнелі, крок рабіўся ўсё цяжэйшы, і ён стаў. Пасля вяла апусціўся на ўзмежак ля альховых кустоў і знерухомеў. Ну во і дабрыў. Дапяўся. Бадай што праз тры месяцы неверагоднага шляху, пакут і цярпення. Але на што было спадзявацца і на што наракаць? Чаго ён хацеў? На што разлічваў? Найперш, каб пабачыць. Ну вось і пабачыў... Ці тут павінен яго хто сустракаць, хто прывячаць - уцекача з таго свету? Ці хоць бы ашчаджаць яго пакінутую сядзібу - мусіць, пайшла на патрэбу іншым. Можа, кудысь перавезеная, дала прытулак добраму чалавеку. З дзецьмі і старымі. Ужо, напэўна, шчаслівейшаму, чым ён. А зямля?.. Зямля во засталася і нават зелянее рунню. Здаецца, і неблагая рунь. Толькі на тым канцы каля сажалкі зачарнелася ад вільгаці, там заўжды ўсё пасеянае вымакала. Некалі ён стараўся там саджаць бульбу, два разы сеяў каноплі. Збажына ж каля сажалкі не радзіла. Але гэтыя цяпер, мусіць, не ведаюць. Засеялі ўвесь прасцяг жытам, думаюць, будзе расці... Ён сядзеў так, апанураны, у абсалютнай знямозе, і глядзеў на ўсё тое, чаго не бачыў гады і да чаго гэтак імкнуўся. Над полем і вёскай маркатнеў восеньскі адвячорак, з лесу плыў густы пошум ветру, і кудысь ляцелі ўгары раскудлачаныя дажджавыя хмары. На полі і паблізу не было нікога, людзі адно трохі варушыліся ў вёсцы на гародах і падворках, за платамі і парканамі. З канца вуліцы выехалі калёсы з падлеткам, які сярдзіта махаў пугаўём на гнядога кастлявага коніка - з ціхім грукатам калёсы пакаціліся ў раўчук за вёскай. Падлетка Хведар ужо не стараўся і пазнаць, хоць тут, вядома, некалі ведаў кожнага, старога і малога. Але ж мінулі гады, за якія, мабыць, сышлі на той свет старыя, павырасталі малыя. Ці ён пазнае каторага? Але не дай бог, каб тут пазналі і яго. Ці хоць бы заўважылі. Схамянуўшыся, споўз з узмежка, стуліўся, сеў ніжай. Нядаўняе ўзрушэнне патроху міналася, ён ужо болей спакойна стаў пазіраць на знаёмае з дзяцінства поле, палетак азіміны, рэдкія адзінокія дрэўцы на былых межах, кустоўе ў нізінах і каля балотцаў. У тым канцы вёскі зелянела шыракаватая купка хвоек, нешта бялелася пад імі. То былі тутэйшыя могілкі з усёй ягонай раднёй, старымі, дзядамі і прадзедамі - усім яго родам. І шмат якімі вясковымі родамі, што адышлі, аджылі сваё, адпакутавалі. Зайздросная ўсё ж доля, падумаў Хведар: навек разам з усімі, у сваім кутку. А ягоная жонка Гануля, спакутаваная вясковая кабетка, не ашчаслівілася нават і гэткаю доляй - легла ў балотную ямку пад сцюдзёным Котласам. Ці думалася калі. Ці хто чуў тут тую незразумелую назву, якая во стала яе страшным лёсам. Ды ледзьве не стала і яго таксама. Хведар доўга сядзеў на ўзмежку з кустоўем, узіраўся ў прасцяг. Пачалі зябнуць яго мокрыя ногі, ды і самому стала халаднавата, прыкметна халаднела пад вечар. Відаць было, у вёсцы ішло звычайнае вечаровае жыццё, людзі, мусіць, прыйшоўшы з поля, ладзілі свае дваровыя клопаты. Па сцежцы на гародзе прайшла баба з каромыслам на плячах, нетаропка набрала вады са студні, паазіралася, счакала і, цяжка ступаючы, панесла ваду назад. У хатах запалілі грубкі, пачалі варыць бульбачку на вячэру, з двух ці трох комінаў вецер панёс клочча дыму. Хведар прагна азіраў наваколле, узіраўся ў падворкі, але найбольш ягоную ўвагу прыцягвала сваё колішняе жытло. Здавалася яму, што ля ўцалелага садка ўсё ж застаўся нейкі няпэўны след ад ягоных будынін, можа, не ўсё там панішчана. Адгэтуль відаць быў густы зараснік быльнягу, нешта грувасцілася там - на месцы падмурка, ці што. І ён думаў, што трэба ўсё ж дабрысці туды, паглядзець, хоць бы памацаць зямельку, якая некалі абяцала яму столькі радасці, а дала - адно гора. Але было яшчэ відна, трэба было счакаць. І ён цярпліва чакаў. Як хаты ў вёсцы трохі завалакло вечаровым сутоннем і ўжо мала што ў полі можна было згледзець, устаў. Хістаючыся, пабрыў наўкось па азіміне да ледзьве прыкметнай у ветраной шэрані купкі садовых дрэўцаў. Як ён і здагадваўся, котлішча не было заарана, някратаным застаўся падворак, ацалелі падмуроўка ад хаты і вуглавыя камяні ад свірна... Камяні былі аграмадныя, асабліва адзін, што паклалі пад ніжні вугол будыніны. Іх прывалаклі з Гараняў. Яшчэ тады яму памагаў швагер Тамаш, і яны ўдвух ледзьве ўскацілі на калёсы гэты камень, які і цяпер гладкім бокам вытыркаўся з зарасніку крапівы, ніхто яго не зрушыў. Падмуроўка пад хатай месцамі выкрышылася, абрасла пустазеллем, ганка з трох пляскатых камянёў не было зусім, мусіць, тыя камяні ўзялі разам з хатай на новае месца. Там, дзе некалі была печ, грувасцілася аброслая палыном куча бітае цэглы - усё, што засталося ад печы. Яно і вядома, болей не магло застацца: цэгла была нехуцавая, дрэнна абпаленая, ён бачыў гэта тады, як купляў, ды на Савацееўскай цагельні не было лепшай: там не хапала паліва. Тады казалі: нічога, для печы згадзіцца. Яно і згадзілася, печ неяк праслужыла год з восем, толькі комін мусілі перакласці - на комін ён прывёз ад Тамаша сотню старых цаглін, яшчэ даўняй, царскага часу фармоўкі. Сумна яму было сланяцца па гэтым пабураным котлішчы, душа аблівалася крывавымі слязьмі. Адно што парадавала яго - дык гэта садок, дрэўцы ўвабраліся ў самую сілу і былі куды большыя за яго чалавечы рост. Яны бесклапотна ляскаталі лісцём на ветры, нібы зусім безуважныя да таго, хто даў ім жыццё. Тры антонаўкі прышчапіў на другім годзе свайго тут жыцця, дзве грушкі - праз год. Чаранкі прывёз аж з Фарынава, купіў у знаёмага настаўніка на станцыі. Першы прывой, аднак, не прыняўся, увосень прышчэпліваў зноў, тады ўдалося лепей. Цяпер ён абышоў дрэўцы, пакратаў іх таўставатыя камлі, нібы павітаўся з кожным. Было ўжо цемнавата, і яго зацікавілі яблыкі - ці было хоць што ў суччы? Паўзіраўшыся ў цёмнае лісце, пакратаў навобмацак ніжнія галіны, трошкі страсянуў крайнюю антонаўку. Не, нідзе нічога не варухнулася нават і не ўпала долу. Ці абабралі ўжо? І тады ён згледзеў апушчаны долу паламаны сук, другі, што ляжаў у траве, і зразумеў, што, мабыць, яблыкаў тут даўно ўжо няма. Як тут ім быць - садок сярод поля, неабгароджаны, занядбаны, без гаспадара і догляду. Ведаў здаўна: яблыні, як кветкі, без чалавечай любові расці не будуць. Хведар абышоў і іншыя мясціны котлішча.
Там, дзе быў калодзеж, зеўрала аброслая быльнягом яміна, ад зруба ці калаўрота
не засталося і знаку; на дрывотні ў голым доле трохі прыкметны былі зляжалыя
трэскі, але дроў тут не відаць было ні палена. Пастаяў, узлезшы на кучу
бітае цэглы сярод быльнягу, успомніў, як некалі грэўся на печы, прыехаўшы
ўзімку з лесу ці з дарогі, як тут спалі старыя ды і жонка Гануля таксама.
Але бядотная яго Ганулька, можа, меней за ўсіх тут грэлася - болей тупала
перад чалеснікам, кожнага рання гатуючы харч на немалую сямейку, чыгуны
бульбачкі для жывёлы. Не мела часу і пагрэцца нават у маразы і сцюжу,
калі сіберныя ветры выдзьмувалі іх хутар. А цяпер ужо навек супакоілася
і ніколі ўжо не пагрэецца, лежачы ў чужой мёрзлай зямлі, акрай сумных
балотных могілак. Хварэла яна нядоўга, перад тым як легчы, штодня цягалася
на лесасекі, дзе з брыгадай такіх, як і сама, жанчын збірала і паліла
суччо. Нямоглая была ўжо даўно, з грамніц, дужа кашляла ноччу, жалілася
на боль у баку, але да дактароў не хацела - баялася дактароў, таксама
як і начальства, старалася як мага менш з імі знацца. Узімку ёй трохі
памагла загаворам старая Банадысіха, высланая аднекуль з-за Воршы зямлячка,
казала тады, быццам зрабілася лепей. Але ненадоўга. Якраз у чысты чацвер,
прывалокшыся з дзялянкі, лягла і болей не ўстала. Яму не было як даглядаць
яе, самога выганялі штодня на тралёўку, рыхтаваліся да веснавога сплаву,
трэба было назапасіць шмат дрэва да крыгаходу. Начальнік участка не даваў
нікому дыхнуць, і брыгады рабілі ў лесе ад зары да змяркання. І ён, абліваючыся
горкімі слязьмі ў душы, кінуў яе на малую Волечку, якая цэлы дзень то
плакала, то тоненькім дзіцячым галаском пяяла маці ўлюбёную ёю «Вутачку».
Мабыць, так яна і адышла з гэтага свету пад жаласны спеў дачушкі, і, як
ён прыплёўся ўвечары ў барак, Волечка сядзела, ціхенькая і журботная,
сказала: мамачка спіць. Ён кінуўся да Ганулькі на нары, затузаў, загукаў,
пасля разгарнуў ашмоцце, якім яна была ўкручана, - Ганулька ўжо асцюдзянела.
Удваіх з Волечкай пачалі плакаць - яна голасна і няўцешна, ён - моўчкі,
душачыся нутранымі слязьмі. Якраз набліжалася вясна, на пагорках ужо раставаў снег, хаця ў той нізінцы за пасёлкам яшчэ ляжаў тоўстым, зацвярдзелым пластом. Хведар гадзіну шкрабаў яго рыдлёўкай, пасля дзёўб кайлом мёрзлую глебу. Выкапаў неглыбока, можа, да паясніцы, не болей, але капаць далей не ставала сілы, а найбольш - не было часу, ён дужа баяўся спазніцца, не паспець да паўдня. Кінуўшы ўсё на могілках, пабег майстраваць якую-небудзь труну. Майстраваць ён збольшага ўмеў, рукі змалку былі прывучаны да няхітрага цяслярскага інструменту, але трэба былі дошкі. Загадчык гаспадаркі, да якога ён сунуўся ў прыбудоўку са сваёй патрэбай, корпаўся над паперамі ў доўга маўчаў; у парозе маўчаў Хведар, цярпліва чакаючы ягонага слова. Урэшце загадчык устаў, натаропка закурыў і з вялікаю неахвотай пасунуўся на задворкі, дзе былі складзены дошкі. Тут іх, прысыпаных снегам, ляжала багата штабялёў - тоўстых і тонкіх, дваццатак і сараковак, іншага пілавання таксама. Але гэты змрочны чалавек паказаў яму на канцы гарбылёў, што тырчэлі з-пад снегу, і сказаў праз зубы: «Во цягні. Пяць штук, не болей». І Хведар пачаў выбіраць што-нішто лепшае з тых сырых, умерзлых у снег гарбылёў. Выцягнуў пяць штук, сукаватых і неашкораных, і, сашчапіўшы зубы, павалок іх да барака, дзе як-колечы збіў труну. Плакаць хацелася ад крыўды, зірнуўшы на тую труну, у якой наканаваў бог Ганульцы знайсці свой апошні спачын. Хавалі ўдваіх з Банадысіхай, іншых браць з працы не дазвалялася. Удваіх паклалі цяжкую намёрзлую труну на вадавозныя сані, Банадысіха з Волечкай умасціліся абапал, а ён памалу павёў за аброць старую падслепаватую кабылу на ваколіцу. Лацвей, везці было недалёка. Банадысіха ззаду ціха бубніла малітву, а ён, спакутаваны і знясілены, думаў, што трэба і яму следам. Жыць так, як яны жылі тут, было нельга, лепей памерці. І, мусіць, памёр бы, калі б не Волечка. Дзяўчынцы ішоў дзесяты гадок, удалася яна не па-дзіцячы разумная, сур'ёзная, ніколі не ўсміхнецца, бывала, і ён думаў: мо хоць яна дажыве да чаго лепшага. Вельмі хацеў, каб яна дажыла. Ды не збылося тое і ў Волечкі... Але што было рабіць далей, ён не мог даўмецца. Ён збіўся з панталыку ў гэты вечар на сваім котлішчы і стаяў, бы аглушаны, раптам страціўшы ўсе жаданні. Галоўнае - страціў мэту, якая вяла яго праз доўгія тыдні праз усе нягоды і пакуты сюды, на родныя гоні, у свой кут. Што яго чакае тут, ён, бадай, не думаў, усё былое стала для яго няважным. Нядаўна яшчэ галоўным было - дайсці, хоць дапаўзці, каб хоць адным вокам зірнуць і памерці. О, памерці тут, знайсці вечны прыстанак у родным кутку было б найвялікшым шчасцем, пра якое ён не адважваўся і марыць... Але што рабіць, пакуль ён жывы, куды падацца? Пайсці да каго ў вёску ён не меў права, каб не наклікаць на людзей бяды ды і сябе не выдаць міліцыі. Пакуль яго ніхто з вёскі не згледзеў, ён мог разлічваць на нейкую тут волю, якая адна яго і натхняла, давала жыць. А калі ўбачаць, пазнаюць, мусіць, тады ўсё і скончыцца. Тады зноў тое, што горш за пагібель. Тады ўжо хай смерць. Але цяпер ужо ў сваім кутку. Ужо да смерці яго адгэтуль не вытураць. Тым часам зусім сцямнелася, усчаўся настырны вецер, і Хведар стаў зябнуць, аж скаланацца ад сцюжы. Дзе было затуліцца ад ветру? Хоць бы пакінулі якую пуньку, паветку, хоць бы сабачую будку, дзе жыў іхні Лабацік, ласкавы малады сабачка, прыдбаны на хутар незадоўга да іх высылкі. Дык не, не пакінулі нічога. Спрэс пустка і разарэнне. Але і ісці яму адгэтуль не было куды, і ён не ішоў. Доўга непрыкаяна тупаў сюды-туды ў быльніку, азіраў цёмныя зараснікі дзядоўніку і крапівы. Узлез на печышча, пастаяў і сеў, бо стаяць ужо не ставала моцы, балелі ногі. Сядзеў, думаў. Пра былыя гады і былыя клопаты. Пра дурныя, няспраўджаныя надзеі. Пра жонку Ганульку. Як закладвалі зруб хаты, пад чырвоны вугол паклалі царскі рубель і повязь - яе і яго матузы. На багацце і каб жылі добра, не сварыліся і не разлучаліся. Яны і не разлучыліся да самай яе смерці. Добрая была жанчына: і працавітая і зважлівая. Хведар не памятаў нават, ці пасварыліся калі. А шчасця было так мала. Але ці па іхняй віне? Такое выдалася жыццё. Толькі дражнілася шчасцем, а ўволю надзяліла работай, турботамі і бядою. Думаў: хай, яны стрываюць усё, можа, хоць дзецям будзе лягчэй. Усё ж займелі зямлю, батракамі не будуць, як некалі батрачыў ён, Хведар. І праўда, сынок Міколка надта прыхільна памкнуўся да зямлі і гаспадаркі, рана пачаў рабіць плячо ў плячо з бацькам. Ажно люба было глядзець, як ён гнаў баразну новенькім сінім плугам ці на касьбе ішоў у радзе дарослых мужчын. Ды неўзнарок неяк улёг у навуку - спярша ў школе, затым - як уступіў у камсамол. І ўсё - сходы, мітынгі, спрэчкі. Стварылі ячэйку і прызначылі яго сакратаром. Стала не да гаспадаркі... Але бацька ўсё думаў: хай! Можа, выйдзе ў людзі, а ён ужо як-небудзь пераб'ецца і без памагатага. Ведама, лягчэй не стала. Асабліва калі той перабраўся ў раён і зусім забыўся на дарогу ў Нядолішча. Міколка, вядома, хлопец разумны, адукаваны, не раўня бацьку. А тое, што ён адбіўся ад гаспадаркі, можа, і добра. У тым, напэўна, яго паратунак, інакш дзе б ён быў зараз? У Котласе ці яшчэ далей. А так начальнік у раёне. Нікому Хведар не пісаў з высылкі, а швагру Тамашу неяк паслаў ліст (яшчэ як была жывая Ганулька) і праз паўгода атрымаў адказ. Той не пісаў, як жыве, ні слова пра парадкі ў раёне, усё больш - пра здароўе і ў канцы паведаміў, можа, самую прыемную навіну: што Міколка вярнуўся з Чырвонай Арміі і цяпер вялікі начальнік у раёне. Ганулька, можа, першы раз за гады, шчасліва заўсміхалася, Волечка запляскала ў ладкі, а ён нахмурыўся - радуючыся і заклапочана адначасна. Жартачкі: сын раскулачанага - начальнік. А калі даведаюцца? Пасля Хведар шмат начэй думаў пра тое, пра сына і ягоную начальніцкую пасаду, непакоіўся і перажываў. І ўсё стаяла ў думках, што сказаў Сталін: сын за бацьку не адказвае. Гэтыя словы ён чытаў у газеце, шмат разоў чуў ад людзей. Мусіць, і сапраўды так. Калі Міколку паставілі ў раёне начальнікам, дык, мусіць жа, ведалі, дзе бацька і маці і з якой сям'і ён паходзіць. А можа, даўмеліся ўрэшце, што раскулачылі няправільна, незаслужана, таму і сын ні пры чым. Тым болей што той даўно не жыў пры бацькавай гаспадарцы, рабіў у райкоме, затым служыў у Чырвонай Арміі, нават быў камандзірам. І ўсё роўна Хведар не пісаў сыну, не мог у сабе адолець чагосьці, страху ці асцярогі, хоць і дужа прасіла жонка, аж заплакала аднойчы. Усё ж ён баяўся, не за сябе, канешне, - за сына. Думаў, калі можна, Мікалай парупіцца напісаць сам. Тамаш пісаў, што бачыўся з ім у раёне, значыцца, мог бы дазнацца бацькаў адрас. А калі не піша, дык, значыць... І ўсё ж ён не хацеў думаць благое, ён спадзяваўся. І тады, як задумаў гэтыя ўцёкі, і яшчэ раней, да ўцёкаў. І ў жахлівай дарозе - на плытах, чыгуначных платформах сярод штабялёў бярвення, у доўгім бадзянні па лясах і прасёлках. Удзень і ўначы ён думаў, вагаўся і - так нічога і не ўдумаў. Ён не ведаў, як паставіцца яму да сына, а галоўнае - як сын паставіцца да яго. Праўда, калі вялікі начальнік, дык, мабыць, што-нішто можа. Начальніку многае дазваляецца. Бывае, простаму чалавеку няможна, а начальству не забаронена. Гэта ўжо Хведар ведаў, нагледзеўся і за царскім часам, і ў войску, і пры новай уладзе таксама. Наўкола ўжо добра ўсталявалася восеньская ноч, зводдаль прыціхла вёска, зусім патануўшы ў змроку. Спярша недзе бліскала пара агеньчыкаў у тым канцы вуліцы, ды згаслі і агеньчыкі. І Хведар устаў. Ён раптам наважыўся прайсці па начной вуліцы, зірнуць на знаёмыя хаты, клёны ля калгаснай канторы; дзе некалі стаяла шырокая арка з выцвілым лозунгам цераз дарогу. Тут спрэс жылі знаёмыя людзі - старыя і маладзейшыя, працавітыя і не вельмі, добрыя, злыя, абыякавыя, - яго колішнія аднавяскоўцы. Ён нікога не бачыў з іх ад таго сакавіцкага ранку, як выехаў на калёсах сядзібы і ўсё азіраўся аж да раўка, калі ўжо нічога не стала відаць. І на яго пазіралі і плакалі некаторыя - болей бабы, - пастаўшы пад старой пахілай вербінай ля Саўчыкавай хаты. Даўняй дарожкі ад сядзібы да вуліцы, здаецца, ужо не было, зарасла травой, але пад нагамі намацвалася нейкая сцежачка, і ён пайшоў па ёй каля сажалкі. Сцежка вывела яго на дарогу. У звыклым колішнім месцы гразкаватай дарогі ён сышоў у раўчук з грукатлівым мастком. Як і пяць і дзесяць гадоў назад, той ледзьве трымаўся ад старасці і, бывала, дужа грукацеў пад коламі калёсаў і брык. Пахілая вербіна быццам усохла нават, але ўсё хілілася над дарогай, і за ёй чарнелася ў змроку старая Саўчыкава хата. Але ці жыў там Саўчык - Хведар не ведаў. За ўсе пяць гадоў ягонага Котлаўскага жыцця яму ніхто не пісаў з гэтай вёскі, ды і ён не пісаў нікому, нічога ні пра каго не ведаў. З Лёксам Саўчыкам некалі вучыліся ў адным класе царкоўнапрыходскай школы, пасля прызываліся разам на вайсковую службу. Быў ён спакойны, зважлівы мужчына, бедны і гаротны, як і ўсе тут, меў пяцёх дзяцей, і ўсе дзяўчынкі. Дзе ён цяпер? Ці жывы хоць? Вуліца ляжала па-начному чорная і пустая, мяккая пасярэдзіне ад ператаптанага кароўімі капытамі долу, парослая ля парканаў сакоўнай бухматаю муравой. Хведар абмінуў кучу бярвення ля Аўдоццінага падворка (ці не думае будавацца ўдавіца?). Але што ж, што ўдавіца, мабыць жа, падраслі сыны, можа, ужо і ажаніўся каторы і будуецца. Ціхенька прайшоў каля гародчыка Зыркаша, пра якога цяпер не хацеў нават і думаць. Сапсаваў гэты Зыркаш яму ўсё жыццё (і, мабыць, не аднаму яму), быў чалавек зайздрослівы і нядобры: колісь напісаў скаргу на яго за малатарню, з якой усё і пачалося. Калі б не тая яго заява, можа б, усё і абышлося, і Хведар не туляўся б цяпер паначы, як злодзей, жыў бы разам з усімі, і не спазнаў бы тых пякучых няшчасцяў, якіх шчодра адмераў яму ягоны халерны лёс. Затым ён спыніўся і пастаяў крыху, прыслухоўваючыся, ці не падасць дзе голас сабака. Але сабакі пакуль што маўчалі ці іх зусім не было ў вёсцы. Іх не было і раней, успомніў Хведар, хіба што на хутарах, у мястэчку. Вяскоўцы ж па сваёй беднасці лічылі за лепшае карміць лішняга свінёнка, чым трымаць сабаку. Мабыць, і цяпер так. Не забагацелі яго вяскоўцы. За рэдкім вішаннікам ля садка ўрасла ў зямлю нехуцавая будыніна з голымі рабрынамі крокваў - зусім без страхі. Відаць, тут ужо не жылі. Але дзе ж тады мнагадзетная сям'я Івана Пагарэльца, то ж была ягоная хата, падумаў Хведар. І яшчэ адну хату з чорным праваллем пустых вокнаў згледзеў ён за парканам, - напэўна, пакінутае жытло. Другая ж поруч утульнай завалінкай выпнулася на самую вуліцу, дзе колісь любілі пасядзець мужчыны, але цяпер пад яе скасабочанай сцяной пахіла тырчэў рад колляў-падпорак, каб не ўпала. Тут некалі жыў адзін самы гарласты актывіст камбеда, худы і вялізны, бы жардзіна, Зміцер Цыпрукоў. Ужо ён, напэўна, заслужыў лепшае хаты пры Савецкай уладзе, бо быў, мабыць, самы бедны ў вёсцы. Ды, мусіць, не заслужыў, калі дажыўся да такой во - коллем падпёртай хаціны. Улезшы ў свежыя каровіны лепяхі, Хведар сышоў трохі ўбок, бліжэй да плота. Усё ж ён баяўся, каб з кім не сустрэцца, каб хто не пачуў яго тайную хаду злодзея. Але на начной вуліцы не было нікога, мусіць, вёска добра заснула. Толькі за сценамі бліжніх хлявоў часам уздыхалі-варушыліся сонныя каровы, ды раз у падворку на тым баку ціха стукнулі дзверы, - мусіць, нехта выходзіў па патрэбе. Ціхенька ступаючы па мяккай зямлі, Хведар мінуў знаёмую вуліцу і дайшоў да могілак. Як і заўжды, тут панавалі ціш і спакой, хвоі сумна гулі ўгары. Зблізку бялелі свежыя крыжы ля дарогі - два большых і некалькі нізенькіх, дзіцячых. Ён трохі пастаяў ля штыкетнічка-агароджы і, знайшоўшы праход, не без хвалявання ступіў у гэтае паселішча мёртвых. Ведаў, ад праходу трэба падняцца на пагорачак, дзе хавалі даўней і дзе ён памятаў кожную магілку. Ад вуліцы ж (трохі відаць было ў змроку) магілкі занялі ўсю нізінку, далёка выйшаўшы з-пад хваёвых шатаў. Гэтых ён не ведаў ніводнай. А там, на выспачцы, колькі ён памятаў, стаялі чорныя дубовыя крыжы Шулякоў - бацькі і трох сыноў, род якіх быў, можа, самы стары ў Нялолішчы. Расказвалі некалі, што гэты сямы першы Шуляк, прыйшоў сюды з літоўскай зямлі і быў знакаміты сілаю. Праз тую сілу ён спаткаўся і з маладзенькай дзяўчынкаю, пакаёўкаю тутэйшай паненкі, да бацькі якой чагось прыязджаў той літоўскі пан, кучарам у якога служыў Шуляк. Аднаго разу, як ён запрагаў коней у брычку, з-за рога стайні выскачыў панскі бык, раззлаваны чырвонаю спаднічкаю пакаёўкі, і прыезджы фурман паказаў сваю сілу, скруціўшы таму быку рогі. Мабыць, тады ён і паклаў вока на маладую служанку. Яе паненка, адзіная панская дачушка, відаць, так даражыла ёю, што ўгаварыла бацьку аддаць тры прыгонныя сям'і за аднаго кучара, каб толькі не разлучацца з пакаёўкаю. Затым, пажаніўшыся, яны доўга жылі ў маёнтку, нажылі шэсць сыноў, тры з каторых ужо другое стагоддзе ляжалі цяпер поруч з бацькам пад смалянымі камлямі таўшчэзных хвояў. А насупраць ад іх трошкі ніжэй высіўся металічны буданчык з прыгожымі чыгуннымі слупкамі, павітымі таксама чыгунным лісцем вінаграду. Там ляжала мармуровая пліта на магіле маладога пана-паручніка, які, дужа паранены на вайне з германцамі, сканаў у сваім маёнтку. Цяпер, вядома, нікога з паноў не засталося, занядбаная магілка абрасла пустазеллем, а ў паржавелым буданчыку часам поркаліся пастушкі ці вясковыя падшыванцы, хаваліся ад дажджу прахожыя. Па другі бок ад яе, між дзвюма сукаватымі хвоямі, быў невялічкі пляц іхняга роду Роўбаў - і дзяды, і яго, Хведара, старыя, малодшая сястра Тэкля, двое малых, што яшчэ перад вайной памерлі ад дыфтэрыту. Крайняй была магілка ягонага брата Пракопкі, годам маладзейшага за Хведара, добрага, ласкавага мужчыны, які так і не ажаніўся і нікога не пакінуў пасля сябе. Сканаў у васемнаццатым ад тыфусу, калі Хведар буў у германскім палоне. Так і не пабачыліся браткі аж з чатырнаццатага, як абодвух узялі на вайну. Было б добра і яму прымасціцца побач, месца было, калі што, можна б трохі пацясніць суседнюю магілу, мабыць, той не пакрыўдзіцца. Гэта было б проста здорава! Можа, не заўжды прызнаючыся сабе, ён найбольш за тым і імкнуўся сюды - за тысячу кіламетраў, праз пяць гадоў выгнання. Хведар нетаропка і амаль ужо не баючыся
абышоў у цемры свае магілкі - чатыры радком і дзве трохі ніжэй на схіле,
памацаў шурпатыя, замшэлыя крыжы. Баяўся, каб не неткнуцца на які новы,
каго з ягонай радні. Але не, у гэтай мясціне новых магіл быццам не было
зусім. Хаця, канешне, маглі быць і далей, дзе ў якім іншым месцы. Цяпер
не тое што раней - хавалі дзе хочаш, і ў чужой зямлі. Як ягоную Ганульку.
Ці Волечку. Каторы ўжо раз ён адчуў горкі дакор сабе, што так неахайна
пахаваў дачушку - ні абгародкі не зрабіў, ні нават крыжа. Не было з чаго
і надта спяшаўся, яго маглі чакаць плытагоны, і ён вёрст пяць берагам
ракі даганяў плыты. Прачнуўся ад сцюжы, увесь надта скалеў, здранцвелі да калень ногі, галава была цяжкая, нібы пасля гарэлкі. Не адразу зразумеў, дзе ён, спярша падалося - на тарфянішчы пад Котласам і што спазніўся на працу. Але, расплюшчыўшы вочы, сцяміў: Котлас далёка. Ён - дома. У світальным лесе, на сваёй радзіме. На радзіме ўсіх сваіх продкаў. Гэтая думка трохі падбадзёрыла Хведара, ён устаў на калені і пачаў неяк грэцца - унутраным намаганнем бораючы сцюжу, - як гэта рабіў ужо не першы раз, акалеўшы ўранні. Там, на Поўначы, калеў амаль кожнага ранку, праўда, там не было калі заўважаць тое, там ледзьве паспяваў сабрацца, каб не спазніцца на развод, у тайгу на лесапавал ці на земляныя работы, калі рабіў на тарфянішчы. Там былі строгія нарадчыкі, крыклівыя брыгадзіры, не дай бог было прыпазніцца - заставаўся галодны на ўвесь дзень. А то яшчэ быў і пабіты. Цела памалу грэлася, а ногі па-ранейшаму як былі акалелыя, так і засталіся, але ногі, напэўна, сагрэюцца на хадзе. Трэба некуды ісці, тут яму сядзець не выпадала. Тут было зусім блізка да вёскі, мабыць, у лес прыгоняць пасвіцца статак, могуць заўважыць. Так, статак тут добра вытаптаў дол, падумаў Хведар, згледзеўшы сляды кароўіх капытоў, а неўзабаве пачуў і галасы, - мабыць, на ржышчы пад лесам гукалі пастухі. Каб не трапіць каму на вочы, ён ускочыў і ціха падаўся кустоўем. Памалу рабілася цяплей, у лесе ўвогуле было зацішна. За пажаўцелымі верхавінамі бяроз, між бухматых лапаў ялін праглядвала хмарнае неба, і скрозь плыў, то цішэй, то мацней, нудны лесавы шум. Дужа хацелася есці, даўно ўжо надаедна-пуста бурчэла ў жываце. Яно і не дзіва: за ўчорашні дзень у роце не было ні крошкі, ён не меў часу паклапаціцца пра тое - так імкнуўся да роднага кута. Апошнюю скарынку хлеба, здабытую ў прахожай бабкі, зжаваў пазаўчора, бульбянога палетка на поплаве, вядома, не напаткаў, мусіць увесь дзень пасціцца. Учора, аднак, неяк трываў, - можа, ад хвалявання перад хуткім спатканнем не адчуваў і голаду. Але сёння з самага рання проста не меў сілы трываць. Толькі што тут і дзе можна было здабыць з'есці? Да пастухоў не падыдзеш, пастухі могуць пазнаць. На дарогу не паткнешся таксама - можа трапіцца знаёмы, тады ўсё прапала. З незнаёмымі было лягчэй, на выпадак сустрэчы з кім меў даведку, быццам ён - Зайцаў Андрэй Фаміч, ураджэнец Смаленскай вобласці і працуе на Тасьмінскім дрэваапрацоўчым камбінаце рознарабочым. Канешне, Смаленская вобласць зусім не ў гэтым баку, і дзе той Тасьмінскі ДАК, не ведаў і сам Хведар. Даведка, вядома, няблага гадзілася дзе-небудзь у Комі і не дужа - за тысячу вёрст ад яе. Але што было рабіць Хведару? Іншай паперыны ён не меў, а гэтая яму ўсё ж памагла два разы, і то добра. Ціха, быццам крадком, ступаючы па апалым шархоткім лісці ў кустоўі, ён прайшоў наўкось да ўзлеску ля вёскі. Учора ён бачыў там старую грушыну, пад якой было чым пажывіцца, але тады яму было не да ежы. Сёння ж тыя грушы выклікалі ў яго нейкае нервовае нецярпенне, і ён неўзабаве ўбачыў праз голле прасцяг знаёмага поля пад лесам. Ля грушыны не было нікога, мусіць, ад жывёлы яе аберагала блізкая азіміна, статак мінаў яе зводдаль ці глыбей у лесе. Хведар хутка назбіраў у кішэні світкі некалькі прыгаршчаў гнілабокіх грушак, смак якіх ён памятаў з дзяцінства, і тут жа з прагнасцю пачаў іх жаваць. Аднак, мусіць, трэба было чаго пашукаць да грушак, аднымі грушамі сыты не будзеш, гэта ён ужо ведаў. Значыць, трэба паглядзець дзе бульбы. Але тут было жытное, зелянела рунь, бульбу, мабыць, саджалі ў полі за лесам, калі толькі яшчэ не выбралі. Але не павінны выбраць, думаў Хведар. Да кастрычніка наўрад ці выберуць, а верасня яшчэ заставалася з тыдзень, не меней. Тым часам у лесе ўжо добра развіднела, дужа шумелі елкі і плылі-ляцелі ўгары кудластыя хмары, але дажджу не было. Не было і расы на траве, трохі сохлі-грэліся на хадзе яго ногі ў растаптаных, раскарузлых пасталах. Гэтыя пасталы ўвогуле няблага яму служылі - якая б абутка вытрымала тую дарогу, што яму выпала. А пасталы хоць бы што. На мокрадзі змакрэюць, а не распаўзаюцца, у сухмень закарэюць, сціснуцца, стануць нібы жалезныя. Нязносныя пасталы! Дзякуй таму чыгуначніку, што трапіўся яму з касой ля пуцявой казармы. Спыніў, паглядзеў, адно: «Здалёку ідзеш?» - «Здалёку», - сказаў Хведар. І той буркнуў: «Чакай», а сам вярнуўся ў казарму і хутка вынес кавалак чэрствага хлеба з агурком і гэтыя во пасталы. «Абувайся, спрытней будзе». Хведар быў босы, крывяніў збіты палец на левай назе, і ён тут жа звыкла абуўся ў пасталы і няновыя, праўда, анучы, падзякаваў чалавеку. І праўда, стала куды спрытней, чым босаму, ён адтопаў у іх вёрст, можа, з дзвесце. Навастрыўшы слых, увесь насцярожаны, Хведар памалу ішоў цераз знаёмы да кожнага дрэўца лес, і ціхае адчуванне шчасця лілося ў ягоную душу. То быў яго родны лес, тут ён пасвіў жывёлу, збіраў грыбы, пасля пілаваў дрэвы, калі вывозілі ў Данбас на рудстойку. Здаецца, нават ён пазнаваў колішні яго пошум. Там жа, на поўначы, лес быў інакшы і шумеў іначай: магутна, дзіка, пагрозліва. Гэты ж не, не дзіка, - мілагучна і таемна трапяталі парудзелыя бярозкі, угары ў задуменным пошуме марудна плылі кудысь вершаліны елак. Падлесак, аднак, парадзеў за той час, як Хведар не бачыў яго, ці, можа, драбналессе павырастала ў ладныя дрэўцы бярэзніку, ляшчыны, асінніку. І была ўжо восень - жоўтае і зрудзелае лісце пачало асыпацца долу, слалася па траве і шархацела пад ягонымі пасталамі. І ён усё апасаўся, каб яго тут хто не ўчуў. Аднак ён удала мінуў пагорачак з елкамі, лагчынкай выйшаў на даўнейшыя расцяробы - самы, можа, глухі куток іхняга лесу: былыя дзялянкі, на якіх густа браўся хмыз, алешнік, малады ельнік, ядловец. Тут жа пачынаўся доўгі роў з ручаём унізе, прайшоўшы па-над якім Хведар апынуўся на ўзлеску. Далей было поле. Як ён і здагадаўся, поле было занята бульбяным палеткам, які пачынаўся ад самага ўзлеску. Бульбу на ім, аднак, ужо выбралі, разараныя барозны чарнелі раскіданым чэзлым бульбоўнікам, зямля была ператаптана людскімі і конскімі нагамі. Пастаяўшы на ўзлеску, Хведар спрабаваў разгарнуць канец баразёнкі і адразу знайшоў бульбіну, затым яшчэ дзве. «Э, дрэнь выбіраюць, - падумаў ён з раптам узноўленай гаспадарлівасцю. - Хіба як будуць пераворваць...» Але калі добра выбіраць, дык і пераворваць можна для прыліку, а тут, падобна, і выбіралі дзеля прыліку. Заскарузлымі пальцамі ён капаўся ў сухіх глыжах і натрапляў на бульбіны, піхаў іх у кішэні паддзёўкі. Хутка набраў дзве кішэні, класці ўжо не было куды, і ён са шкадаваннем выпрастаўся: такое багацце ў зямлі! Каб тое яму трапілася пад Котласам, дзе елі траву, кару з дрэў. Бульбіна там была смачней за яблык. Нават сырая. З цяжкімі кішэнямі ён падаўся назад, у лес. Трэ было выбраць мясціну, раскласці цяпельца. Мабыць, гэта было самае небяспечнае - цяпельца. Дым маглі згледзець здалёк, убачыць ля яго чалавека. Мабыць, лепш за ўсё атабарыцца ў расцяробе, за ровам, туды, ведаў, у ранейшыя часы не надта патыкаліся. Хіба што бабы - па ягады, грыбы там не раслі. І яшчэ, людзі ведалі, некалі там пладзіліся ваўкі, бывала, у піліпаўку вылі на ўсе галасы. Малыя туды баяліся паткнуцца. Самы раз было туды зашыцца яму. Поруч з ваўчыцаю. Ведама ж, не з людзьмі, нявесела падумаў Хведар. Ён доўга ішоў лесам, пакуль выбіўся на той узровак, улез у надта зарослы алешнікам ды ляшчынаю роў, трохі абмыў у ручаі свае заскарузлыя рукі. Вада была сцюдзёная і чысцюткая, бы сляза, і ён на запас напіўся з прыгаршчаў. Па слізкіх, зялёных ад водарасці камянях перайшоў на другі бок рова. Ускараскаўся не адразу, два разы адпачываючы, і падумаў, што аслабеў, аднак жа, завельмі. Як тою вясной на тарфянішчы, калі ўжо не мог сам вылезці з тарфяной ямы, а рыдлёўка здавалася цяжкаю, бы бервяно. Во што значыць жыццё! Ды і гады. Малады, бывала, у лесе адзін паднімаў камель хвоі на сані, жартуючы, бягом цягаў па ўсходцах мяхі збожжа на млыне. Аднаго разу, дурны, паспрачаўся з кусянкоўскімі мальцамі і падняў Іванаву жаробку. Слаўная была жаробачка, з лысінкай на мордзе. Пасля на ёй ездзіў міліцыянер Заўялаў... А цяпер ледзьве выбраўся з рова, які падлеткам перабягаў за адзін раз, без перадыху. Вот што зрабіў з Хведарам час і яго недарэчнае здзічэлае жыццё. Каб тое веданне, хіба так бы яго скіраваў? Але і як было яго скіраваць іначай? Ці ён ім кіраваў? У расцяробах былі сапраўдныя лесавыя нетры - блытаніна алешніку і асіння, папараць стаяла да пояса, буяла дуддзё нейкай лесавой непатрэбшчыны. Хведар адышоўся далей ад рова, выбраў невялічкую прагалінку пад зараснікам крушыны і пачаў ладзіць цяпельца. Дужа хацелася з'есці бульбіну, здавалася, не было ў свеце нічога смачнейшага за печаную ў прыску бульбіну. Але прыску, мабыць, трэба яшчэ дачакацца. Касцярок з сучча, якога ўвогуле тут хапала, загарэўся ад першай сярнічкі, але ж, халера на яго, густа паваліў дым, і Хведар спалохаўся. Так яго маглі згледзець. Ён трохі раскідаў цяпельца, каб зменшыць дым, але зусім суняць яго было нельга. Тады ён падклаў хворасту болей, каб гарэла даўжэй, а сам адышоў воддаль у хмызняк. Калі хто і падыдзе на дым, дык, мабыць, яго не ўбачыць. Спярша ўбачыць ён. Прысеўшы ў дробным кустоўі, ён пачаў здалёку пазіраць на дымны хвост за крушыннем і думаў: да чаго ж ты, братка Хведар, дажыўся! Ну добра, там, на чужой зямлі, за тысячу вёрст адгэтуль, там трэба было ўсяго баяцца, хавацца, таіцца. А во і тут! На сваёй зямлі. Сярод сваіх людзей. Калі гэта было і з кім! А з ім во здарылася. І не зробіш нічога. Мусіш! Інакш... А што, зрэшты, інакш? Пагібель? Гэта было б куды як зманліва, - можа, пахавалі б на родных могілках. Пасадзяць у турму? Мабыць, у турме горш не будзе - неяк бы кармілі і дах быў бы над галавой. Пасля ўсяго, што з ім сталася, турмы ён не надта і баяўся. Але яму наўрад ці перапала б турма. Пэўна ж, яго адвезлі б назад, зноў туды, на страшную сцюдзёную зямлю, на якой жыць ён не мог. Мог толькі памерці. Як памерла ад сухотаў яго Ганулька, згарэла за два дні дачка Волечка. Адчуў, настала ягоная чарга. Але ён памерці хацеў дома. І яму пашэнціла, ён дабраўся дамоў. Дык чаго ж і на каго ён мог наракаць? Ён быў шчаслівы. Учора як згледзеў роднае поле і вёску, дык у душы ў яго ўсё засмяялася і запяяла. Канечне, засмуціла зруйнаванае котлішча, усё ж ён спадзяваўся ўбачыць хутар. Сніў безліч разоў свой падворак, студню з калаўротам, недабудаваны трысцен. Усё думаў, ці здагадаліся тыя, што жывуць цяпер там, перакрыць клець. Страха ў левым кутку пачала працякаць, асабліва ў навальніцы. Усё збіраўся перакрыць свежымі кулямі. Ды не сабраўся... А цяпер дык і няма нічога. Дзе яно, ягонае падворышча, хата? Куды ўсё вывезлі? Ці, можа, спалілі на дровы ў сельсавеце? Як спалілі пасля вайны фальварак Альбертаўку. Слаўны быў фальварачак - і дамоўка, і стайня. Стайня асабліва зайздросная была: з бруса, пад гонтай. Разабралі ўсё і папілавалі на дровы - у сельсавет і хату-чытальню. Мусіць, цяпер і яго так - на дровы, пусцілі агнём і дымам. Дзіўна, але ён не шкадаваў. Калі шкадаваць усяго, што набыў і страціў, дык можна было звар'яцець. Нажываў гадамі, за немалыя грошы, мазалём крывавым, хрыбтом сваім і жончыным, тросся над кожным лапікам зямлі, кожнаю палкай і снапком. А страціў усё, і за адно імгненне, і сам апынуўся на катарзе. Толькі завошта? Гэтае праклятае завошта пякельным вухналём сядзела ў яго галаве. Тысячу разоў ён пытаўся ў сябе, як ехалі ў смярдзючых вагонах, як іх гналі абозам па замерзлай рацэ, як рабіў там, на паўночным прыгоне, - пытаўся ў жонкі, у людзей, знаёмых і незнаёмых, пытаўся ў начальнікаў. Усе нешта казалі пра ўладу, класавую барацьбу і калектывізацыю. Але ніхто яму не растлумачыў так, каб адразу стала зразумела: завошта ў яго адабралі ўладай жа дадзеную зямлю, майно і саслалі на катаргу? Завошта? У чым яго віна? Што паслухаўся ўлады і ўзяў зямлю? Дык як было не ўзяць, з чаго б тады ён карміў сям'ю? Брат Міцька не хацеў дзяліцца, бо і праўда, дзяліць не было чаго - шэсць дзесяцін няўдобіцы, - што б выйшла з тае дзяльбы? Зноў жа, брат быў старэйшы, на гаспадарку меў болей права, чым малодшы Хведар. Два леты запар Хведар батрачыў у фальварку, а пасля ажаніўся з такой жа батрачкай, як і сам, - без зямлі і пасагу. Там таксама зямлі было з зайцаў хвост, а сямейка дай бог: восем душ і з іх пяць мальцаў. Як было адмовіцца ад казённай? Узяў зямлю. Што дбайна рабіў? Дык жа біўся зімой і ўлетку як рыба аб лёд: і будаваўся, і абрабляў палеткі, стараўся спраўна плаціць падаткі і пазыкі. Падрос - стаў памагаць сын Міколка. Зноў жа быў такі заклік урада - будуйце культурную гаспадарку, каб не жыць, як жылі - у цемрыве і галечы. (Каму ж хацелася жыць у галечы?) Усе прагнулі жыць хоць трохі па-людску і есці хлеб без мякіны. Паверыў, што ўласць кажа праўду. Аказалася - падмануўся. Цяпельца яшчэ не дагарэла, як ён закапаў у дробны прысак дзесятак карэлых бульбін - на болей не хапіла прыску. І зноў адышоўся далей - ці мала хто? Але пакуль навокал было ціха; троху пасакатала сарока ўбаку, ля рова, і неўзабаве паляцела далей. Усё пакутуючы ад голаду, Хведар праз колькі хвілін вярнуўся, дубчыкам выкаціў з вуголля крайнюю бульбіну - была яшчэ сыраватая і цвярдая, але нічога: агонь ужо жыўца выгнаў. Збольшага абцёр аб штаны попел і, апякаючыся, з'еў усю, не грэбуючы і абгарэлым бокам. Затым выграб другую. Бульба сапраўды была дужа смачная, ды і ён быў згаладнелы як мае быць, і ёў без перапынку, пакуль не засталіся апошнія дзве бульбіны. Мусіць, тыя спякліся ўжо добра, і ён іх, гарачыя, сунуў у кішэню - аж запякло сцягно. Трохі падсілкаваўшыся, адчуў сябе весялей і пачаў думаць, як бы паткнуцца з лесу. Усё ж вельмі карцела паглядзець на поле, можа, на каго з вяскоўцаў - хоць здалёк, згадаць, як жывецца ў калгасе. Увесь час трохі лепш, чым жыў ён. Галоўнае - яны ўсе вольныя, на сваёй зямлі, пад Котласам ён не меў ніякіх звестак аб іх, толькі часам з'яўляліся чуткі - невясёлыя, аднак, чуткі. А як папраўдзе? Усё ж, мабыць, жывуць усе роўныя, не лішэнцы, як ён. Зараснікамі ён абышоў роў і па імшарыстай балацявіне выйшаў на ўзлессе - ужо з трэцяга боку лесу. Гэтае поле звалася ў іх Сёрбава і межавала з суседняю вёсачкай Чарнаруччам, стрэхі якой відаць былі ўдалечы на пагорку. Тут і сапраўды працавалі людзі, ягоныя суседзі-калгаснікі - выбіралі бульбу. Яму ні дня не давялося рабіць у калгасе (не пусцілі ў калгас), дык ён думаў убачыць цяпер дружную працу грамадой, усіх разам. Мо нават з песнямі. Замест таго ў ветранай палявой далечы калупаліся над баразёнкамі з дзесятак баб, і ён бачыў адсюль іх сагнутыя шэрыя спіны, вялікія галовы ў тоўста накручаных хустках, босыя ногі. Усе цягалі за сабой вялізныя кашы з бульбай, якія па адным зносілі ў кучу на сярэдзіне загона. Каля той кучы стаяў з паперынай у руцэ цыбаты мужчына, мабыць, учотчык, а тры іншыя ганялі плугамі барозны, надта ўжо памахваючы пугамі на коней. Коні, відаць было адсюль, ледзьве клыпалі ад ператомы, нізка коўтаючы галовамі, - худыя, знямоглыя сялянскія коні. Некалі ў іхняй вёсцы такія былі хіба што ў самых занядбаных гаспадароў - Цыпруковага Зміцера ды Ігналёнка. Іншыя ж ўсе як бы там ні жылі, а коней глядзелі, без каня якая ж гаспадарка. Тут, мабыць, глядзелі не надта. Праўда, ён пазіраў здалёк - зблізку, можа, не такія ўжо кепскія былі тыя коні; можа, і бабы рабілі весялей, чым яму здалося. Але нешта самотна-журботнае ўлілося ў яго адчуванне каля таго поля. Ведама, людзі былі далёка і ён не мог пазнаць хоць каторага, а пазнаць дужа хацелася. Тады ён краем лесу пайшоў у другі бок - да свае вёскі, дзе была дарога ў мястэчка, можа б, каго ўдалося падгледзець на той дарозе? Хоць бы пабачыць, пазнаць, не марачы ўжо, каб пагутарыць ці спытацца. Спытацца, канешне, няможна, трэба таіцца. Што зробіш, такі яго лёс. Яго вылучылі з грамады, выбракавалі, бы карослівае свінчо са статка, і выкінулі далёка. Ці мог ён назаляць каму? Набівацца? Тым болей прычыняць шкоду сваім набіваннем? Дарога, колькі ён памятаў яе, не змянілася - была ўсё такая ж - раз'езджаны між кустоўя бальшак з застарэлымі лужынамі на выбаінах, якія, дзе можна было, відаць, аб'язджалі фурманкі. І дзве бярэзіны на тым баку стаялі, як стаялі ўвесь век, - адна прама, а другая раздзяліўшыся на дзве, віламі, - старыя, закарэлыя, тоўстыя бярэзіны з абдзёртымі і пасечанымі камлямі. Пад раўнейшаю - відаць было цераз дарогу, - мабыць, нядаўна палілі вогнішча, падпяклі бяросту, таксама як і вецце аднізу. Пастухі, напэўна. Хведар нізка прысеў за пыльным прыдарожным кустоўем, стаў назіраць. Не ведаў, куды глядзець болей - у бок вёскі ці ў дальні канец, пад мястэчка. Пакуль што ні там, ні там на дарозе ніхто не паяўляўся, мусіць, усе рабілі на полі, чаго раз'язджаць бальшаком на той час? Аднак ён цярпліва сядзеў і думаў, каго б найперш хацеў тут пабачыць. Мабыць, найперш Саўчыка Лёксу, усё ж аднагодак, сябра і ўвогуле сардэчны мужык, хай бог дасць яму шчасця. Толькі дагэтуль не надта ўжо бог надзяліў шчасцем. У мікалаеўскую вайну Лёкса быў паранены шрапнелем у плячо і, колькі яго паматаў Хведар, усё бедаваў з рукой, не мог рабіць ніякай цяжкой работы. А ў сялянстве дзе ж возьмеш лёгкую? Біўся бядак Лёкса на адным надзеле з кучай малых дзяцей, Хведар часам памагаў яму - то папілуе дровы, то паможа накідаць гною на воз. Разоў колькі пазычаў грошы. Але памагаў так, па-суседску, без вялікае шчырасці. Нават і з прыкрасцю, калі, бывала, папросіць хамут, а тут самому запрагаць трэба. А ўвогуле Хведар яго шкадаваў, бо сусед, да таго ж аднагодак, і нямала абодва натрываліся на вайне. Каб веданне, як яно абернецца далей, дык бы шкадаваў з большаю шчырасцю. Усё ж харошы быў чалавек. Ну але, мусіць, гэта марная справа - чакаць таго, што табе хочацца. Хведар добра наседзеўся ля бальшака і падумаў, што, мабыць, дарма ён удумаў тое, як у дальнім канцы дарогі, ад мястэчка, з'явілася фурманка. Рыжы рахманы конік даволі спраўна каціў з горкі ўніз, і за ім на возе відаць былі двое - мужчына і баба. Тое, што лейцамі кіравала жанчына і сядзела яна ў перадку, зацікавіла Хведара, хоць ён яшчэ і не пазнаў нікога. Жанчыну і праўда было не пазнаць, калі яны пад'ехалі бліжэй - тая была адвярнуўшыся на той бок калёс. А вось мужчына... Мужчына быў у калматай зімовай шапцы, з настаўленым каўняром шарачка, ён абнікла сядзеў у задку, склаўшы на каленях рукі, ногі яго былі ўхутаны стракатаю хатняй коўдрай, твар худы і белы. Увесь час бы глуха нядобра пакашліваў. Нешта дужа знаёмае здалося Хведару ў гэтым твары, калі фурманка пад'ехала бліжэй, і тут жа раптам, нібы падказаў хто, ён пазнаў чалавека. То быў Мікіта Зыркаш, ягоны, Хведараў, ліхадзей, які пісаў тады на яго за малатарню, з чаго ўсё і пачалося. Спярша цвёрдае заданне, а затым і ўсё астатняе. Але ж, мабыць, не далося жыццё і зайздросніку Зыркашу, угледзеўшы якога Хведар зразумеў усё - той быў хворы. Мусіць, яго хворага цяпер жонка везла з бальніцы ці ад доктара, і, угледзеўшыся ў чалавека, Хведар зразумеў, што не жылец на гэтым свеце Зыркаш. Адною нагой ён ужо там, Хведар гэта адчуваў добра. Нагледзеўся на такіх за жыццё. Трохі нават бы радасна стала ці нават зларадна: мусі, бог бачыць усё і карае па справядлівасці. У іншы час Хведар, можа, болей парадаваўся б з тае прычыны, але цяпер не хацеў. Зларадства сваё ён ужо амаль перажыў - перагарэла яно за гады ва ўласных пакутах, нікому не хацеў бяды, як і сабе таксама. Хай доўга жыве зайздроснік Зыркаш. Але стала сумна. І гаркотна. Мусіць, дзень ужо браўся на адвячорак - канчаўся першы ягоны так доўга чаканы дзень на радзіме. Што далей? Ён яшчэ пасядзеў троху, думаў, можа, і яшчэ каго згледзіць на вечаровай дарозе, ды болей не было нікога. Як пачало змяркацца, устаў, пайшоў краем кустоўя ў бок вёскі. Мусіць, трэба было б, пакуль не змерклася, брысці ў свае расцяробы, каб пасля не драць вочы ўпоцемку. Але яго ўсё цягнула да вёскі. І ён памалу ішоў лесам, пасля, асмялеўшы, выткнуўся на ўзлесак ля палетка з рунню, пастаяў на ўзмежку. За лагчынкаю ў вёсцы хутка гусцеў восеньскі змрок, заблішчэла некалькі агеньчыкаў у вокнах - там палілі святло. І яму захацелася ў прыцемку зазірнуць да каго ў акно, паглядзець з цемры ў хату, убачыць знаёмыя твары. Страшнавата было, ну, але, можа, не пазнаюць, калі і ўбачаць. Ён не адгукнецца нікому, толькі пройдзе па вуліцы і зазірне. Так карцела пабачыць каго жывога-наёмага. Найперш добрага чалавека, не злыдня, канешне. Ціха, амаль крадком, часта спыняючыся, ён зноў, як і ўчора, прайшоў рунню паўз сваё нешчаслівае котлішча, паціху патупаў ля плота збоч ад дарогі. Ну во і прысадзістая Саўчыкава хата пад крывой сукаватай вербінай. Калі ўлезці ў гарод, якраз апынешся перад акном, што насупраць Лёксавай печы, там жа, у падаконні, некалі мясціўся кухонны столік, за якім елі. Зусім ужо ўпоцемку Хведар пералез цераз плот, паабстрыкаў у крапіве рукі, але няблага затуліўся ў зарасніках ад вуліцы і ад падворка. Праўда, святла ў Лёксавых вокнах пакуль што не было, ды Хведар адчуваў, што там не спалі - нейкія невыразныя гукі ўсё ж даляталі з таго боку сядзібы. І ён стаіўся ў крапіве, чакаў. І праўда, урэшце недзе глуха бразнулі дзверы, у акне ўзнікла хліпкае цьмянае святло - ад газнічкі, канешне. Мільганула ў адным акне, у другім і спынілася недзе ў дальнім кутку, ля запечча, ці што? Хведар напружана ўзіраўся - хто там? За акном каўзануўся нейкі няпэўны цень і прапаў. Хто то быў, адсюль зразумець было нельга. Як нельга было ўчуць людскога голасу ў заўжды гаманлівай на дзіцячыя галасы Лёксавай хаце. Ці там усе маўчалі, ці, можа, ціха сноўдала адзінокая постаць? Напэўна, жаночая. Але дзе ж тады астатнія? Дзе сам Лёкса? І яго пяцёра дачок? Нічога болей не дачакаўшыся ў крапіве,
Хведар вылез з гарода на вуліцу і зноў, як учора, ціха прайшоў з канца
ў канец вёскі. Мігатлівае святло з вокнаў бліснула яшчэ ў некалькіх хатах,
але ў дзьвюх вокны былі завешаны фіранкамі, а каля трэцяй хтосьці тупаў
на падворку ля самых веснічак, і Хведар, уцяўшы галаву ў плечы, таропка
прайшоў далей. Усё ж ён баяўся. Усё не пераставаў дзівіцца, як гэтак удала дамогся свайго, відаць, яму ўсё ж здорава пашэнціла, можа, першы раз у жыцці. Праўда, каб ведаў адразу, што чакае яго, мо яшчэ і падумаў бы: ці варта наважыцца на такое? А не ведаў, і мусіць, добра, што не ведаў, не ўяўляў нават. І цяпер во - дома. Як будзе далей, ён не думаў ні тады, ні цяпер, думаць аб тым ён быў бяссільны, не хацеў і спрабаваць марна. Галоўнае - была шчасліва дасягнута нязбыўная яго мара, а там - што будзе. Як у п'яніцы, які імкнецца займець бутэльку, а пра хуткае пахмелле і не думае. Ці як згаладнелы - абы наесціся, а што затым - яго не дужа цікавіць. Здаецца, Хведар спатоліў прагу свае душы, а што будзе далей, хай тое і будзе. Ноччу зноў хацелася есці, дзве свае бульбіны ён даўно ўжо з'еў, бадзяючыся па лесе, у кішэні яшчэ былі тры сырыя. Там, пад Котласам ці Сыктыўкарам, няблага елі і сырыя. Калі парэзаць бульбіну скрылькамі на хлеб, як рэдзьку ці бручку, з'ясі за мілую душу. І памагае ад цынгі. Мусіць, прыйдзецца і тут перайсці на сырызну, як скончацца сернікі. Як ён ні бярог іх, засталося ўсяго шэсць штук у дужа пацёртым карабку, а болей дзе возьмеш? У лесе не знойдзеш. Хіба папрасіць у вёсцы? А тут не папросіш. Гэта можна было прасіць у той старане, дзе цябе ніхто ведаць не мог. А тут пазнаюць адразу. Во дзіва, падумаў Хведар, выходзіць, што ў чужой старане лепш, чым у роднай? Да якой імкнуўся, пра якую думаў удзень і ўначы. І дзе столькі знаёмых, суседзяў, аднасяльчан. З кім мінулася яго жыццё. Але менавіта да іх і не паткніся, іх трэба сцерагчыся найбольш. Чаму так сталася? Так не па-людску і не па-боску? Чаму так? Цяпер у яго, бы ў малога, былі сотні гэтых чаму, адказаць на якія ён, колькі ні думаў, не мог. Як не мог і ніхто. У каго толькі ён не пытаўся. Гэтая ноч, здаецца, была бясконцай, як бясконцымі былі ягоныя турботы ад сцюжы. Ён усё круціўся на вогкім імшыстым доле, курчачыся і так і гэтак, калаціўся, ляскаў рэштаю зубоў, каб як сагрэцца. Але сагрэцца не было як. Ды і дрымотная знямога на мяжы сну моцна трымала яго ў сваіх кіпцюрах, ён то забываўся трохі, штось трызнячы, то прахопліваўся зноў. Вакол было ціха. Апоўначы амаль сціхнуў звыклы лесавы шум, вяршаліны елак у небе зусім пазнікалі ў густой цемрадзі, між хмар трохі пабліскала і знікла высокая зорка. Мусіць, за поўнач недзе пакугікала лясная сава - у балотным баку, за расцяробамі. Урэшце коратка кугікнула апошні раз і змоўкла, бы падавілася. Можа, і ён трохі задрамаў пад ранак, зусім ужо занямогшыся ў барацьбе са сцюжай ці прытрываўшыся да яе. Прачнуўся, адразу ахоплены нейкай трывогай, бадай страхам - узняў галаву і адразу ўбачыў насупроць у хмызняку мокрую каровіну пысу з ніткай зялёнай сліны на валасатай губе - карова цікаўна ўперлася ў яго самотным позіркам вялікіх вачэй. Поруч зашархацела вецце, і да першай вылезла з кустоўя другая кароўка, рыжая са зламаным рогам на крутым кароўім ілбе, таксама ўставілася ў яго. У наступнае імгненне Хведар з прыкрасцю сцяміў, што трапіў у вясковы статак, які, мабыць, зараз увесь абступіць яго, і ўскочыў. Каровы былі не страшныя яму, але ж дзесь тут ішлі пастухі. (Усё ж, мусіць, не трэба было так неабачліва класціся пад кустом.) Хведар махнуў рукамі на цікаўных кароў і толькі памкнуўся ўбок, у кустоўе, як дзесьці побач гаўкнуў сабака. Па звяглівым голасе Хведар даўмеўся, што сабачка так сабе, мабыць, не ваўкадаў. Але, халера на яго, той заекатаў так апантана, што, здалося, напрабіў вэрхалу на ўвесь лес. Хведар бегма кінуўся прэч, далей у лес, і тады сабака выскачыў з алешніку збоч і пабег, пабег - напярэймы яму, ці што? Што было сілы бегучы між кустоўя, Хведар у думках лаяўся і шэптам гукаў на сабаку: ды адстань ты, пракляты пёс! Але пёс не адставаў, екатаў з яшчэ большым імпэтам і гнаўся за ім, аж захліпваючыся ад звяглівае сабачае злосці. «Малы, а злы, як чарцяка, каб ты здох!» - казаў сабе Хведар. Ды сабака не думаў здыхаць, ён доўга гнаў чалавека па зарослым алешнікам лесе, і Хведар не мог на яго крыкнуць ці як адагнаць, мог толькі лаяцца ў думках і махаць рукамі. Сабака ж, відаць, махання таго не баяўся, а злых думак не разумеў. Сабачае ж злосці ў яго хапала не на адну вярсту. Усё ж, мабыць, трохі знямогшыся, ён пачаў адставаць, сцішаць свой брэх, пакуль зусім не змоўк ззаду. Але і Хведар нямала стаміўся ад гэтага бегу і ледзьве плёўся між дрэў у змрочным сукаватым ельніку. Яго душылі знямога і крыўда. Гэта ж трэба - яшчэ і сабака! Баяўся сабак у вёсцы, а спаткаўся з імі ў лесе. Хай бы ўжо воўк, дзік ці якая аўчарка, што вадзіліся там на Поўначы, а то дробны, звяглівы шчанюк. Каб ты здох, пракляты, як ты выматаў апошнія сілы... Добра яшчэ, калі ў тым кустоўі яго не згледзелі пастухі. Гэты пракляты сабака загнаў яго ў той куток лесу, які ён ведаў найгорш. На голым і змрочным доле тут не было нават травы ці моху - усё скрозь густа абсыпала ігліца, на якой не расло нічога. Вакол цесна стаялі разлапістыя таўшчэзныя елкі, праз іхні гушчар амаль не праглядвала далёкае неба. Затое было ціха, здавалася, людскі клопат зусім не пранікаў сюды. Роўны лесавы пошым ішоў-сплываў некуды верхам, амаль не дасягаючы долу, дзе трэск сучка пад нагой быў чутны далёка. У гэтым яловым кутку Хведар быў мо разы два за жыццё - зімой, як пілавалі елкі на вывазку ў Данбас; тады ж вазіў свае кубаметры на станцыю, за сорак кіламетраў ад вёскі. Ведаў, далей у гэтым кірунку пачыналася знакамітая ў тутэйшых краях Багавізна - вялікі балотны абшар без дарог і паселішчаў, які шырокаю паласой цягнуўся аж да самай польскай граніцы. Але гэта быў ужо зусім чужы край, малавядомы і таямнічы. Ад ператомы дрыжэлі калені, хацелася адпачыць. Але Хведар усё не мог супакоіць сябе пасля знянацкай трывогі і разгублена брыў ельнікам, выбіраючы вальнейшыя мясціны, каб не натыкацца на сухое яловае суччо. Цяпер ужо, мабыць, можна было не баяцца, статак сюды наўрад ці ганялі, людзі тут не мелі чаго рабіць. Патроху ён спакайнеў, і разам са спакоем пачало ўладарна расці вострае адчуванне голаду. Міжволі ён пазіраў па баках, бы шукаючы, што б з'есці. Толькі з'есці тут не было чаго. Тады ён сеў на адтапыраны корань вывараціны, дастаў з кішэні свой даўні ножык. Ножык быў начэплены на раменьчыку, і Хведар бярог яго ўжо колькі гадоў. Некалі, яшчэ за тым, далёкім, жыццём купіў яго ў сельпоўскай краме і карыстаўся штодня. Большае лязо ўжо стачылася да вузкага пёрка, затое меншае было амаль новае і спраўна сядзела ў пацямнелым жалезным тронку. Гэтым лязом Хведар тоненька абскабліў большую бульбіну і пачаў яе есці, рэжучы на невялічкія скрылёчкі. Смак сырой бульбіны быў не надта прыемны, але цяпер было не да смаку. Абы ўпіхнуць што ў страўнік, каб прыглушыць голад. Бо ўжо проста не ставала сілы ісці па гэтым непрытульным дзікаватым лесе. Так ён зжаваў патроху свае астатнія бульбіны (болей у кішэнях нічога не было), а голаду не спатоліў. Усё роўна хацелася есці. Тады ён падумаў, што трэба пашукаць грыбоў. Сырыя грыбы есці не адважыўся б, але калі распаліць цяпельца... Мабыць, тут можна. Ці зашыцца яшчэ глыбей у лес, туды, да Багавізны. Ужо там, мабыць, яго ніхто не ўпалюе. І ён доўга нетаропка брыў ельнікам, не надта ўжо і ведаючы, дзе ён, а ельнік усё не канчаўся, і ніякіх грыбоў вакол не было відаць. Зрэдку трапляліся старыя, мабыць, летнія, счарнелыя мухаморы, і болей нічога. Ці, можа, такі быў год - не грыбны, думаў Хведар, усё болей нудзячыся ад свае няўдачы. Пасля ён павярнуў трохі ўбок - бліжэй да, мабыць, недалёкай лесавой вёсачкі Чазлякі, - ужо там, мабыць, гэтага ельніку не будзе. А ў тамашніх парасніках ён што-нішто знойдзе. Калі не баравікі, дык хоць сыраежкі. Абы толькі там не пасвілі статак. Дзе статак, туды па грыбы хадзіць марна. Да Чазлякоў, аднак, ён яшчэ не дабрыў - не ведаў нават, ці далёка да іх засталося, - як на нейкай імшарыне сярод ельніку згледзеў журавіны. Густы россып чырвоных кропелек у дробнай, глянцавітай лістоце, здаецца, нікім не чапаны, бы знарок чакаў яго тут. І Хведар кінуўся ў ягады, пачаў зграбаць іх прыгаршчамі. Ён і еў іх, не дужа выбіраючы, - з лісцем і смеццем, і сыпаў у кішэні, поўзаючы на каленях у сыраватай, але не дужа балоцістай імшарыне. Канешне, журавіны кепска спатольвалі голад, ды іх смак быў прыемны - звыклы ягадны смак, вядомы яму з дзяцінства і не забыты на Поўначы. Там таксама калі-нікалі ён дарываўся да гэтага ласунку, які неаднойчы ратаваў яго, як і сотні такіс самых небарак, ад голаду і хваробы. Толькі там не часта выпадала тое, што тут - бяры хоць кашамі. Шкада, што ў яго цэлыя ўсяго тры кішэні - у штанах і паддзёўцы, - ці многа набярэш у іх. Калі кішэні былі поўныя, ён пачаў грэсці ягады ў шапку і так поўзаў на каленях па імшарыне, аж пакуль не сказаў сабе: годзе! Усяго не з'ясі, а ўзяць з сабою ўжо не было як. На ўсялякі выпадак ён пастараўся прыкмеціць шчаслівую імшарынку - за вялікім ельнікам у бок Чазлякоў. Мо яшчэ спатрэбіцца. Трохі павесялеўшы, з цяжкімі кішэнямі і поўнаю ягад шапкай у руках пайшоў далей. Куды - і сам не ведаў. Ельніку, здавалася, не было канца-краю ці, можа, ён узяў няўдалы накірунак? Мабыць, і праўда - няўдалы, ён зразумеў тое, як убачыў перад сабой нізкі, без елак, падлесак і за ім нешырокі прасцяг асакі, за якім усчыналіся глухія зараснікі лазы і алешніку. То пачыналася Багавізна, якая ў тутэйшым краі была д'ябальскай, старахавітай мясцінай. Многія пакаленні жыхароў шмат чаго начуліся пра яе ад старэйшых і ў сваю чаргу расказвалі ўнукам неверагодныя і страшныя гісторыі, што там здараліся з людзьмі. Усё незвычайнае і страшнае ў тутэйшай мясцовасці ішло з Багавізны. Ёю палохалі плаксівых дзяцей і п'яных мужыкоў, жадалі ў злосці крыўдзіцелям праваліцца пад зямлю ў Багавізне. Там і сапраўды можна было праваліцца так глыбока, што ніхто не змог бы дастаць. Казалі, там быў нейкі падземны ход ці рака, што злучала тамашнія прадонні з іншымі вірамі і азёрамі. Калі перад рэвалюцыяй у Багавізне залілася Змітракова карова, дык пад восень яе труп знайшлі аж у Белым возеры - праз сем вёрст ад Багавізны, хоць іх не злучала ніякая, нават самая малая рачулка. То быў людзьмі і богам пракляты край - дзесяць вёрст суцэльнае багны і віроў, між якімі ліпелі чэзлыя вольхі, аер, зараснікі трыснягу ды на купінах буяў улетку лазняк. Туды ніколі не хадзілі па ягады, нават журавіны, якіх там заўжды было процьма, не лавілі рыбу. Людзі спрадвеку абміналі тыя мясціны, а калі хто выпадкам туды трапляў дык пасля дзён колькі дрыжэў ад страху і ўпудна крычаў паначы. Зімой Багавізна трохі падмярзала, але яе шматлікія вокны-прадонні нават у самы люты мароз браліся тоненькім лёдам, які не трымаў чалавека. Хіба што ваўка. І ў калядныя марозныя ночы там да ранку гучала выццё шматлікіх ваўчыных зграяў. Некалі там вадзілася багата мядзведзяў, якія не давалі спакою і жыхарам суседніх паселішчаў. Хведар памятаў, як дзед расказваў пра адну такую сустрэчу з касалапым, акрай Багавізны, дзе старога заспела залева і ён мокры схаваўся ў выпаленае пастухамі дубовае дупло. Ліў дождж, было цемнавата, а ў дупле і зусім стала цёмна, калі ў яго сунулася нешта касматае і смярдзючае. Дзед сцяўся, ні жывы ні мёртвы, - мядзведзь так яго прыціснуў шырокім касматым задам, што нельга было дыхнуць. Касалапы зручна ўмясціўся ў дупле, мабыць, мяркуючы адпачыць тут да ранку. Але дзеду адпачываць не было як, яму трэба было араць прыгон, а раней знайсці і забрытаць каня, якога ён пусціў недалёка пасвіцца. І як было вылезці, каб не патрывожыць няпрошанага госця? Доўга дзед думаў, а тады як крыкне, і той мядзведзь, як корак з бутэлькі, выскачыў з дупла, абдаўшы, аднак, чалавека не дужа духмяным рэчывам. Такая была Багавізна. Хведар павярнуўся прэч ад гіблай мясціны і зноў пайшоў лесам. Прытаміўшыся, сеў пад тоўстым яловым камлём, аблітым белай смалой, патроху еў з шапкі журавіны, думаў. Усё ж як добра ў лесе на волі! Ніхто цябе нікуды не гоніць, ты не патрэбны нікому, як і ніхто не патрэбны табе. Каб так можна было пражыць жыццё! Зрэшты, калісь так і жылі: у хаўрусе з прыродай і лесам, знаходзячы ў ім і пракорм у галодныя гады, і прытулак у часы ліхалецця. Лес абараняў, лес саграваў душу і цела. Хто ж яшчэ большы быў дабрадзей для тутэйшага люду? Мусіць, лепшага не было ніколі. Але гэта даўней. А цяпер во настала часіна - не паратуешся і ў лесе. Людзям заўжды знойдзецца да цябе патрэба ці злосць, знойдуць і пад зямлёй, адшукаюць і ў лесе. Не дай бог адбіцца ад людзей, стаць не такім, як усе. Гэта ён добра зведаў. Аднак і не прыкмеціў, як усё тое сталася, што таму стала прычынай. Вось і ў прыродзе, хто ведае, якія існуюць прычыны, але здараецца амаль тое самае. Яму прыгадаўся выпадак на паўночнай рацэ, калі ён рабіў плытагонам. Неяк сядзеў у дашчаным буданчыку на вадзе, часаў кліна пад аслабелае перавясла, і раптам праз дзверы ў нейкай здзічэлай трывозе куляю ўляцёў верабей, кінуўся яму на плечы, на галаву, аж збіў долу шапку. Хведар ад спалоху ўгнуўся, замахаў рукамі, адбіваючыся ад вераб'я, які праз момант вылецеў у дзверы. Выскачыўшы за ім, Хведар зразумеў прычыну дзіўнага ўчынку птушкі. Аднекуль над плытамі коса шуганула чародка вераб'ёў, і птушкі, бы па камандзе, кінуліся на небараку. Угары закруціўся птушыны клубок, усе люта рвалі аднаго, і хутка ад верабейчыка нічога не засталося. Нават нічога не ўпала на раку, толькі некалькі пушынак-пер'яў ціха апускаліся над вадою. Тут жа, даўшы круты разварот, вераб'іная чародка знікла за лясным абрывам ракі. Хведар тады стаяў і думаў: завошта? Нават і птушкі! Ці гэта такі спрадвечны закон прыроды - каб усе на аднаго? Але чаму на аднаго? Чым гэты верабей разгнявіў астатніх? Нейкім кепскім учынкам? А можа, толькі якімсьці непадабенствам да астатніх, ці можа быць так, што ён і не вінаваты - вінаватая стая? Як у людзей? Ці ў птушак так не бывае? Хаця, мабыць, у птушак бывае інакш, чым у людзей. Усё ж у птушак больш справядлівасці. Той выпадак з вераб'ямі ён бачыў у жыцці аднойчы, а людской несправядлівасці нагледзеўся да брыдоты. Кожнага дня. Гэты раз ён доўга сядзеў пад елкай, неяк сцішыўшыся, прыдрамнуў, можа. Недзе ўгары, на яловай вяршаліне, гарласта закаркала варона, і ён абудзіўся. Усё ж ягоныя думкі кіравалі далёка ад гэтага ельніку, часцей імкнуліся да вёскі. Ён думаў пра яе там, на Поўначы, думаў цяпер. Пра яе хаты, клопаты, сваіх суседзяў-сяльчан. Пра яе палітыя потам гоні. Яму не было як да яе паткнуцца, але думкамі ён быў там. І яго дужа цягнула туды. Хоць бы і праз небяспеку. Мабыць, адвячоркам ён нарэшце наважыўся і зноў рушыў па лесе. Ішоў ранейшым шляхам, туды, адкуль яго выгнаў сабака. Ішоў асцярожна, цікуючы навакол, часта спыняўся, слухаў. Ды навокал было ціха і пуста. Вецер угары, мабыць, уняўся пад вечар, елкі стаялі роўна і супакоена, бы ў задуменні. Той статак, мабыць, ужо брыдзе каля выгана, падумаў Хведар, злы сабака рупліва падганяе ззаду каровак. Людзі таксама імкнуцца з поля да свайго жытла; напроціў начы ў лесе наўрад ці хто будзе. Не паспеў ён яшчэ выйсці на ўзлесак, як пачало змяркацца. У лесе пад дрэвамі стаў гусцець змрок, стулілася, нібы пашырэла, кустоўе ўнізе, вільгатнейшым рабіўся травяны дол, і Хведар пачаў трохі спяшацца - ісці было яшчэ многа. Ужо ў прыцемках ён мінуў тое месца, дзе яго спудзіў сабака, і неўзабаве выйшаў з лесу. Наперадзе распласталася трохі светлаватае, але павітае ўжо змрокам поле. Да вёскі трэба было ісці полем, па стаптаным статкам іржышчы. Мабыць, аднак, ісці цераз поле было яшчэ рана, і ён сеў на абмежку, сядзеў, патроху еў журавіны, бавіў час. Перад ім ляжалі знаёмыя да кожнай драбніцы гоні - з дзьвюма грушкамі на Петраковым надзеле, каменнаю крушняй зводдаль, у канцы загонаў. Некалі тут быў і бацькаў надзел, на якім нямала папрацаваў і ён, Хведар. Праўда, на тым надзеле болей і даўжэй за яго гаспадарыў старэйшы брат Міцька, які, як усчалася калектывізацыя, падаўся на шахты ў Данбас. Спярша з'ехаў сам, а затым забраў і сямейку, назусім кінуўшы хату, зямлю, усю маёмасць. Мусіць, нельга тут стала жыць брату высланага кулака і Міцька рашыўся на высылку па сваёй волі. Як ён цяпер там, на шахтах? Ні разу не напісаў яму пад Котлас, зрэшты, як не напісаў яму і Хведар таксама. Ды ён не ведаў і адраса. Распадаліся сем'і, нішчылася людская роднасць, спрадвечная вясковая крэўнасць. Сталі браты як чужыя. Што брат, калі во і сын таксама. Пра сына Міколку Хведар не пераставаў
думаць ніколі, гэта была яго незагойная болька, даўні пякучы клопат. Добра,
канешне, што сыну ўдалося адкараскацца ад бацькавай ганьбы і нават пралезці
ў начальства. Але, мусіць, дужа рызыкоўна ўсё тое, можна і згарэць датла.
Чула яго бацькоўскае сэрца, што ў надта хісткім становішчы апынуўся сын,
і дужа хацеў бацька як-небудзь засцерагчы яго ад бяды. Але што мог ён,
даўні лішэнец, беглы спецперасяленец, чым мог памагчы сыну? Хіба адрачыся
ад яго, ніколі не напомніўшы аб сабе ні пісьмом, ні просьбай, ні нават
скупой весткай, - быццам ён знік, памёр ці яго і не існавала зусім. Хай
будзе шчаслівы сынок Міколка, хай ніколі не скрыўдуе на бацьку. Можа,
пашэнціць хоць апошняму з роду Роўбаў, іншых удача ўжо абмінула і, мабыць,
ніколі не вернецца. Яны тады гналі плыты па сцюдзёнай паўночнай рацэ - цэлую плывучую чараду з бярвён на тысячы кубаметраў драўніны. Было іх трынаццаць чалавек у брыгадзе сплаўшчыкам, а брыгадзірам быў Кузняцоў, сярэдніх гадоў барадаты мужчына, які не першы год рабіў тут на сплаве. Ён добра ведаў раку і ўсе яе павароты, мелі і перакаты, умеў у свой час збочыць, каб абысці небяспечны зліў, не рассыпаць звязкі, не налезці на камень ці на якую пясчаную выспу. З людзьмі быў строгі, малагаваркі, не любіў гультаёў і слабасільных (што, дарэчы, было для яго адно і тое ж). Мусіць, з гэтай прычыны Роўба трапіў у яго брыгаду, бо быў тады цягавіты і паслухмяны. Знайшлася, аднак, прычына, па якой ён ледзьве не вылецеў з плытагонаў. Пасля смерці жонкі не было на каго пакінуць дзесяцігадовую Волечку, і ён мусіў узяць яе на плыты. Але браць на такую работу дзяцей там забаранялася, і Кузняцоў, убачыўшы плытагона з дзіцём, тут жа адправіў яго ў кантору. Мабыць, ён думаў, што Роўба будзе спрачацца ці, можа, прасіцца, але той пакорліва сабраў сваю торбачку, узяў за руку дачушку і, сказаўшы «да пабачэння», смірна пайшоў да сходцаў. З берага ён апошні раз азірнуў плыты і ўбачыў брыгадзіра, які, стоячы на тым самым месцы, пазіраў на яго. І раптам брыгадзір махнуў да яго рукой - маўляў, вяртайся! Хведар гэтак жа моўчкі вярнуўся, як і ішоў, і Кузняцоў сказаў са злосцю: «Заставайся. Толькі глядзі - засыплешся, я нічога не знаю. Паняў?» - «Паняў», - сказаў Хведар, ураз акрыяўшы душой ад такога павароту лёсу. Сапраўды, ён ужо прывык да думкі, што будзе працаваць на сплаве, яму падабалася рачное прыволле, лясныя берагі навакол і высокае вольнае неба ўгары. Цяжкое працы на плытах ён не баяўся, - мабыць, цяжэй, чым на тарфянішчы ці на лесапавале ў тайзе, не будзе. Зноў жа пры ім будзе Волечка, і на ягонай душы не будзе шчымець кожны раз за дзяўчынку - як яна там, галодная, ці не пакрыўдзіў яе хто, малую? Як была жывая маці, тады ўсё здавалася прасцей, болей звыкла, хоць і тады Волечка цэлымі днямі сядзела ў халодным бараку, у той час як маці завіхалася на лесасецы. А цяпер у пасёлку не засталося ніводнай роднай душы, а людзі было розныя, зборныя з усёй краіны, як было пакінуць на месяц ці на два дзіця без нагляду? Хведар дужа ўдзячны быў брыгадзіру за яго дабрыню і на плытах ірваў жылы за двух. Каб ён ведаў, чым абернецца тая дабрыня, дык бы ён лепш кінуў дзіця ў тайзе, у незнаёмым паселішчы на беразе, сярод чужых, незнаёмых людзей. О, каб тое знаццё... На плытах Волечка не сядзела без працы, хоць і малая, але па характары была дужа прыслужлівая і чым магла памагала строгім, маўклівым дзядзькам. Праз дні два брыгадзір паставіў яе памочніцай да кашавара Краўца, ціхага, рахманага чалавека, самага старога з усёй іх брыгады. Той увогуле някепска ставіўся да малой, не крыўдзіў. Мо часам крыкне, калі што зробіць не так ці не ў час, але без злосці. Без злосці - гэта галоўнае. Не тое што ягоны зямляк Рагаўцоў, нервовы, зласлівы чалавек, што бясконца лаяўся брыдкімі словамі. Лаяўся з якой дробнай ці вялікай прычыны, а часцей - без усялякай прычыны - ад свае нутраной злосці. Кожны раз, як Хведар чуў тое, яго бы цвіком працінала ў сэрцы. Спярша ён стараўся, каб як засцерагчы Волечку, каб яна не чула таго. І як Рагаўцоў блізка лаяўся, ён пытаўся ў дачкі пра што-небудзь ці пасылаў яе на другі канец плытоў. Але неяк раз, як гэты Рагаўцоў асабліва брыдка абкладаў пры малой баб, што ўбачыў на беразе, Хведар не стрываў і стрымана папракнуў чалавека - маўляў, усё ж нягожа так пры дзіцяці распускаць язык, можна б трохі і па-людску. Рагаўцоў тут жа ўскрычаў, што ссыльны Роўба яму не ўказ, бо ягоная лаянка - дробязь для таго, хто нелегальна возіць старонніх і тым груба парушае рэжым. Вось ён возьме ў бліжэйшым пасёлку і «стукне», і тады ягоная дачушка ўчуе яшчэ не такое на бліжэйшым этапе, куды яе запратораць разам з яе чыстаплюем-бацькам. Хведар так збянтэжыўся ад тых нахабных нялюдскіх слоў, што проста не знайшоў, як адказаць. Здаецца ён ужо нагледзеўся людской подласці ва ўсіх яе нечаканых праявах, але такой не прадбачыў. Увечары, як яны прайшлі Вусцюжную мель, ён ціха сказаў аб тым брыгадзіру, думаў, можа, брыгадзір заступіцца, папракне Рагаўцова. Але той толькі насупіўся і сказаў: «Гэны ўсё можа». - «Дык што ж мне рабіць?» - разгублена спытаў Хведар. І Кузняцоў, утаропіўшы ў яго суровы погляд, сказаў: «Будуць чужыя - хавай дачку». - «Куды ж схаваеш на плыце?» - шчыра здзівіўся Хведар, на што атрымаў хуткі адказ. «А пад плытом і схаваеш», - кінуў брыгадзір і пасігаў сабе па слізкіх бёрнах у хвост да стырнавога. Хведар застаўся стаяць, не ведаючы, сур'ёзна гэта ці, можа, для здзеку? Толькі спакваля да яго разуменне прыйшло: а праўда! Можна ж схавацца ў ваду, за плытом. Волечка ўжо навучылася няблага плаваць, будзе трымацца за бервяно, мо не ўтопіцца. Толькі адно нядобра - лета ўсё ж канчалася, вада пасцюдзянела, яны на плытах ужо не купаліся, толькі трохі мыліся ўранні. Хто ведае, ці спраўдзіў сваю пагрозу той злыдзень Рагаўцоў, калі на плыт для праверкі ўскочыў вохравец з раённай камендатуры, як яны сталі перад Усысвінскім перакатам. Бывала, тыя вохраўцы наведваліся і раней, але так, больш для прыліку, спытаюць што-нішто ў брагадзіра, зірнуць сюды-туды і спяшаюцца на бераг. Гэты ж, мардаты, прыземісты шлапак у даўгім шынялі, пагаманіўшы з брыгадзірам, відаць, намерыўся прайсці па плытах да кармы, і ў Хведара нядобра скаланулася сэрца. Ён стаяў з багром у руках па правым баку плыта, а праз пяць крокаў ад яго, трымаючыся за вяроўчыну, сядзела ў вадзе Волечка, толькі як светлая галоўка зыбалася на паверхні. І вось ворхавец спыніўся пасярод плыта, пагойдаўся на таўсцейшым камлі бервяна і завёў з брыгадзірам гаворку пра хітрасці тутэйшай рыбалкі, якую блясну болей любіць увосень сёмга. Час быў не позні, але ўжо далёка не паўдзён, з усходу дзьмуў халаднаваты вецярок. Унутры ў Хведара мярцвела ад нецярпення, калі слухаў тую недарэчную размову. Але во, здаецца, яны ўжо будуць вяртацца, ужо павярнуліся, каб ісці. І зноў сталі. Вохравец пачаў нешта паказваць на тым беразе, і Хведар моўчкі праклінаў яго: каб ты здох, кот мурлаты! Волечка ўжо, мусіць, здранцвела ў вадзе пад плытом. А той з брыгадзірам бясконца доўга ішоў па нерухомых плытах, пасля доўга таптаўся на беразе, усё азіраючы раку. Хведар стаяў і напружана думаў: стукнуў Рагаўцоў ці не? Урэшце вохравец знік за кустамі на беразе, а ён ледзьве выцягнуў Волечку на бярвенне - ужо тая пасінела ад сцюжы і не магла вымавіць слова. І зубкі яе дробна стукалі, і вусны ніяк не маглі скласціся для зграбнага слова. Дрыготкімі рукамі бацька выціраў яе грубай мешкавінай, цёр худзенькія плечы, запалую грудку, а пераапрануць у сухое не было ў што, і ён здзеў сваю світку, неяк укруціў дачушку. Прыйшоў Кузняцоў, убачыў усё, зразумеў і скінуў ватоўку - на ўхутай! Дзякуй яму, ухутаў. Пасля Кравец нагатаваў вады, і ён паіў яе кіпнем - здаецца, неяк сагрэў дзяўчо. На ноч паклаў на іхнім звычайным месцы, ззаду за буданчыкам, на звільгатнелых улежаных трантах, ухутаў мешкавінай і брыгадзірскай ватоўкай. Спярша сагрэлася і заснула, і ён, седзячы побач, думаў: мо яшчэ і абыдзецца. Ды не абышлося. Пад ранак запылала дачушка, усчаўся вялікі жар, прасіла ўсё піць, жалілася: баліць галоўка. Ён усё паіў яе цёплай вадой, іншага нічога ў іх не было - ні лекаў, ні якіх зёлак. Раніцай трохі задрамала, але была гарачая, а яму трэба было заступаць на стырно. Наперадзе, сказаў брыгадзір, быў самы трудны ўчастак шляху, трэ было глядзець пільна. Але, як ні глядзелі, усё ж пасадзілі крайні плыт на каменне, ледзьве здзёрлі яго пад абед. За той час ён якіх пару разоў наведаўся за буданчык, і ў яго кожны раз ападала сэрца - кепска было дачушцы. Як на тую бяду, абапал ракі плылі таежныя, без аніводнага паселішча берагі, цягнуліся голыя абрывы, і над імі высіўся хвойны дрымучы лес. Брыгадзір бачыў ягонае гора і, здаецца, спачуваў яму, сказаў: у канцы тыдня прыйдзем у Мезу, там ёсць амбулаторыя, можа, зносім туды малую. Нібы збаўлення, Хведар прагна чакаў тае Мезы ўдзень і ўначы, сам не кладучыся ні на хвіліну, усё то варочаў стырном, то багром, бегаў па зыбкіх плытах, штораз заглядваючы за буданчык. Волечцы рабілася ўсё горш. На трэці дзень яна ўжо не пазнавала яго, толькі прасіла адагнаць птушак. Спярша ён здзівіўся: якіх птушак? А тады зразумеў: яна ж трызніць. Наступнаю ноччу неяк сцішылася і неўпрыкмет адышла з гэтага свету. Назаўжды адляцела, як светлая малая птушачка, яе чыстая дзяўчачая душа... Да паўдня яна ляжала ўсё там жа, за буданом на трантах, і яны не ведалі, што з ёй рабіць. Тады брыгадзір выдраў з будана тры дошкі, якія былі там заместа падлогі, сказаў Краўцу збіць труну. Той і праўда збіў - маленькую, на метр, скрыначку, у якую паклалі худзенькае збялелае цела Волечкі. Ну а як пахаваць? Навокал вада, плыты нідзе не прыстаюць да берага, што ім рабіць? І брыгадзір надумаў заднім плытом трохі падграбці на павароце да берага (спыніць жа гэтую аграмадзіну было немагчыма) і па водмелі знесці труну на бераг. Хведар скочыў з плыта раней, яны перадалі яму труну, і ён, стоячы па грудзі ў вадзе, прыняў яе. Пакуль выбраўся на сухое, дужа намок, намачыў нежывую дачушку, пасля ўзлез на абрыў і агледзеўся. Скрозь на беразе сцяной стаяў лес - елкі і піхты. У адным месцы была невялічкая прамыіна, і на адным баку ля яе ўтварыўся роўны зграбны мысок. Неяк усцягнуў на гэты мысок труну і ўзяўся капаць магілку. Мусіць, у каменным жвіры капаў доўга і трудна, але ён не прыкмячаў таго, ён увесь час горка плакаў, не стрымліваючы слёз. Жыццё адняло ў яго апошнюю радасць, адзіную яго ўцеху, і Хведар думаў: што яшчэ чакаць ад яго? Што яно можа адабраць яшчэ? Пасля ўсяго, што з ім сталася, уласнае жыццё траціла ўсякі кошт, ён не надта і даражыў ім; яно даўно зрабілася невыносным. Таго Рагаўцова, як ён позна ўвечары дагнаў плыты, ён не мог бачыць ад нянавісці і крыўды. І не мог зразумець, як гэта іншыя, і брыгадзір Кузняцоў таксама, паводзілі сябе з тым злыднем, нібы нічога і не здарылася. Ці яны нічога не разумелі? Ці баяліся яго? Ці яшчэ што? А Хведару ўсё ж спачувалі. Кравец ціха войкаў, круціў галавой, брыгадзір жа зацята маўчаў, здавалася тады, ён ні пра што іншае і не дбаў, апроч як пра свае плыты. Але як нарэшце прыйшлі ў Котлас і збылі на лясной біржы свой лесавы караван, гэты Кузняцоў паклікаў яго за рог складской будыніны, дзе не было нікога, і сказаў: «Даведка трэба?» - «Даведка? А дзе яе ўзяць?» - не зразумеў Хведар. «На, трымай, - сказаў Кузняцоў, азірнуўшыся, і сунуў у ягоныя рукі складзены квадрат паперкі. - Бярог для сябе, але, гляджу, табе самы раз будзе». Хведар узяў тую даведку на імя Зайцава Андрэя Фаміча, яна і праўда неўзабаве дужа яму спатрэбілася. І ён быў бы шчыра ўдзячны брыгадзіру, калі б не тая цана, якую ён за яе заплаціў. Тая непамерная цана замінала яго ўдзячнасці, і ён часам думаў, што ў параўнанні з загубленай дзіцячай душой усё тое - дробязь. Поўня на небе ярка свяціла між хмар зыркім сцюдзёным святлом, кладучы наўкось на магілах частыя цені ад крыжоў. Воддаль на выспе пад хвоямі стаяў чорны змрок, які шырокім і даўгім ценем амаль дасягаў дальняга краю могілак па-над выганам. Тут жа было ўсё добра відаць - кожны крыж і кожная купінка магілы. І толькі калі ў небе насоўвалася суцэльная хмара, тады ўсё навакол патанала ў цемрадзі. Хведар нібы заплюшчваў вочы і невідушча стаяў між магіл. Увогуле тут яму было добра, нават спакойна і ўтульна: ён нібы далучаўся да аднасяльчан і ладзіў з імі нетаропкую маўклівую бяседу - і пытаўся, і скардзіўся, і разважаў. Шкада, што не меў адказу, ну але ўжо ён прывык да таго, нібы аглух за многія тыдні свайго адзінокага блукання. У задуменні тупаючы між магіл, напаткаў і дбайна прыбраную магілу - на схіле бліжэй да крайніх аграмадзін-хвояў. Тут сапраўды кідаўся ў вочы дагляд і дбайнасць - магіла было роўненька абкладзена дзёрнам і свежа пасыпана дробным белым пяском, васьміканцовых крыжоў мясцілася аж два разам - меншы і большы за ім, абодва фарбаваныя белаю фарбай. Поруч прыткнулася спрытная, бы дзіцячая, лаўка, на якую, стаміўшыся, прысеў Хведар. Хто тут пахаваны, ён не мог здагадацца. Ужо, мабыць, не стары, не дзед і не баба, магілы старых так на ахаджваюць. Можа, гэта так пастаралася жонка для любага мужа? Але жонка наўрад ці зрабіла б усё так майстроўна і дбайна. Тады муж - жонцы? Ці хутчэй за ўсё бацькі - свайму дзіцёнку, мабыць, так. Але нідзе не напісана нічога - безыменная магіла, навек прапісаная толькі ў сэрцах, блізкіх нябожчыку. А ў яго Волечкі, мабыць, няма ўжо і купінкі... Доўжылася ціхая месячная ноч. На могілках стала сцюдзёнавата, надвор'е ці не меціла павярнуць на замаразкі, думаў Хведар, панікла седзячы ля прыбранай чужой магілкі. Яму нікуды не хацелася рушыць адсюль, тут ён, як нідзе ў іншым месцы, адчуваў сябе ў спакоі, адноснай бяспецы. Мусіць, недзе пад ранак закацілася-знікла поўня, навакол стала цёмна, бы ў склепе. Да начной цемрадзі Хведар, аднак, даўно прызвычаіўся, цемра яго не палохала. І ён сядзеў, прыпамінаў, думаў. Жаваў кіслыя журавіны, ашчадна выбіраючы з кішэні па две-тры ягады разам. І, мабыць, трохі драмаў. Толькі, як заўжды, пачала даймаць сцюжа. Да сцюжы ён не мог прызвычаіцца, асабліва пад старасць, на дрэнных харчах і пакутаваў ад яе ў ссылцы і тут во таксама. Можа, таму, што намёрзся, як ніхто за жыццё. Не ўмеў грэцца, як іншыя, ляскаючы сябе рукамі, прысядаць і тупаць. На сцюжы ён дубянеў, сціскаўся, нерухомеў - трываў. Таксама як трываў голад, знясіленасць, ганьбу. Ужо нямала гадоў усе яго намаганні ішлі на адно толькі - трываць. Ён не ўзрываўся, як некаторыя, калі, здавалася, трываць было неяк, не абураўся ад кепскіх харчоў, зверскай працы ці людской несправядлівасці, толькі сціскаў зубы, калі тыя яшчэ былі ў яго, і - трываў. Мусіць, не было ў свеце такіх абставін, якія б ён не навучыўся трываць. Апроч хіба аднаго - няволі-журбы расстання. Тут ужо ён не мог перайначыць сябе, ягоная натура насуперак усім абставінам імкнулася дамоў - праз безліч небяспек і нягод. Тады, першы раз, не ўдалося, не пашэнціла другі раз. Затое дамогся таго трэцім разам і цяпер быў амаль шчаслівы. Дык што яму цяпер сцюжа! Ці голад! Урэшце ён быў там, дзе марыў апынуцца пяць жахлівых гадоў. Што яму болей? Мусіць, трэба было ісці ў лес, каб ранкам не налезці каму на вочы, але ён разморана бавіў цёмны перадсвітальны час, вагаўся. Яшчэ праз нейкі нядоўгі час прыкмеціў, што на могілках стала відней, выступілі са змроку бліжнія магілы і крыжы, і ён зразумеў: світае. Ускраек неба над лесам ужо засвятлеўся на самы першы зачын новага дня, і ён устаў з лаўкі. З'явілася думка менавіта такою гадзінай, на ціхім золку, пакуль не абудзілася вёска, яшчэ прайсці па вуліцы - хто ведае, можа, астатні раз, болей ужо не прыйдзецца. А цяпер, можа, ніхто не згледзіць. Вузенькай дарожкай паміж магіл прайшоў праз густы змрок тоўстых хвояў і выйшаў з-пад іх на вясковую вуліцу. Дахі дамоў, вяршаліны вулічных дрэў, садкоў толькі выплывалі са змроку, вуліца і двары ляжалі яшчэ ў цемрыве, ніклі ў санлявым спакоі вясковыя хаты, прызбы, платы; густаваты змрок туліўся пад абвіслымі стрэхамі хлявоў і дваравых будынкаў. Хведар ціхенька прайшоў да сярэдзіны вёскі. На нейчым плоце вецер варушыў стракатую анучу, згледзеўшы якую Хведар падумаў з трывогай: аднак добра світае, мабыць, ён усё ж прапазніўся. І ён паддаў кроку. Ён ішоў краем вуліцы, ашчадна і мякка шорхаючы ў мураве пасталамі, толькі сюды-туды зыркаў позіркам - хацелася як найбольш убачыць, заўважыць, запомніць. І раптам ягоны позірк застыў у недаўменні: насупраць за тынам шарэў нейчы ўважлівы жаночы твар, скіраваўшы на яго здзіўлены позірк цёмных вачэй, якія ўвачавідкі пачалі шырэць, акругляцца ў нямым раптоўным здзіўленні. Ён нічога болей не бачыў там - ні апраткі, ні нават хусткі на галаве, адзін толькі гэты погляд азваўся ў ім раптоўнай здагадкай: «Любка». І ён стаў. За два крокі ад яго былі варотцы ў двор, ён тузануў іх, не ведаючы яшчэ, навошта гэта зрабіў, расчыніў у двор. Жанчына, бы страціўшы мову, глядзела на яго, невядома, пазнаючы ці не, а затым здзічэла-голасна закрычала: «А-а-а-ай!» і кінулася назад, на ганак. Ён скалануўся ад спалоху, але стаяў у варотцах і ўчуў, як у хаце грукнулі дашчаныя дзверы і тут жа лязгнула засова. Падумаўшы, што зараз нехта выскачыць
з хаты ці праз вокны ўбачыць яго на вуліцы, Хведар шаснуў у двор, сцежкай
пабег у гарод і па росным бульбоўніку загумення падаўся ў світальнае поле.
Усё ў ім калацілася ад гэтай неспадзяванай сустрэчы з Любкай, з якой яны
разам раслі ў вёсцы, рабілі побач на бацькоўскіх надзелах, якую ён некалі
нават кахаў трохі - наіўным маладым дзецюком перад прызывам на вайсковую
службу. І крыўдна было яму, і горка, але ж... Мабыць, спалохалася жанчына
і ледзьве не пагубіла яго. А можа, і не пазнала. Але не дзіва - хіба пазнаў
бы сябе ён сам? Што ў ім засталося ад ранейшага Хведара, ад таго жаўтаротага
дзецюка? Цяпер ён здань, начны, бесцялесны прывід, ад якога жахаюцца людзі,
месца якому, мабыць, побач з ваўкамі ў лесе. У гэтую раннюю гадзіну дня, мабыць, можна было не надта баяцца спаткаць чалавека, і ён з вярсту ці болей ішоў добра ўтаптанаю сцежкай, якая блытана выкручвалася ў маладым бярэзніку. Пасля, як сцежка павярнула да зімовых дзялянак, ён збочыў з яе ўлева, да Доўгага рова, пайшоў мешаным, з рэдкімі елкамі лесам, падняўся па некрутым схіле ўгору. У лесе ўжо настаў дзень, было відна, навакол сцішана драмалі елкі, не варушыўся ніводзін лісцік у жаўтлявым вецці бяроз. Здаецца, усталявалася добрае, без дажджу надвор'е, можа, нават пачнуцца прымаразкі. Тады ўраз пачарнее лісце алешын, золатам зажаўцее бярэзнік, дружна пацярушыць лістапад. Праз нейкі нядоўгі час лісцвяны лес стане скразны для позірку, усё жывое ў ім будзе бачна здалёк. Мусіць, тады яму будзе горш... Але ён не хацеў думаць пра тое, што будзе, ён жыў адным днём, ягоныя клопаты не ішлі далей наступнага вечара. Увечары, мабыць, будзе спакайней, а ўдзень трэба трымаць вуха востра. Бадай, у тым самым месцы, дзе і першы
раз, ён асцярожна спусціўся кустоўем у шырокую праваліну рова, напіўся
там у ручаіне, памыў рукі і твар. Паднімаўся на другі схіл доўга, разоў
колькі спыняючыся, адпачываў, не ўпершыню заўважаючы, як менее ў яго сілы.
Яшчэ нядаўна, у дарозе, неяк не прыкмячаў вялікае слабасці, мабыць, там
рухала ім вялікая сіла мэты. А тут... Мэта ўжо апынулася ззаду. Найперш
за многія дні бадзяння аслаб без хлеба, ведама, ягадамі не надта пракормішся.
Але што ж тады - зноў ісці ў вёску, прасіць у каго хлеба? Чым гэта можа
скончыцца? Ён і так дужа баяўся за нядаўнюю сустрэчу з Любкай, як бы яна
аб тым не раззваніла ў сяле. А можа, не пазнала, калі так закрычала жудасна?
З бульбаю ў яго быў звязаны адзін малапрыемны выпадак у германскім палоне, цяпер дык і смешна ўспамінаць аб ім. Але ўспаміналася часам, бо горкае і вясёлае ва ўспамінах заўжды месцяцца побач. Спярша ў палоне ён паўгода гібеў на варанай бручцы, калі з паўсотняй такіх, як сам, небаракаў рабіў на чыгуналіцейным заводзе. Затым трапіў да баўэра. Гэта быў стары гаспадар гер Ёган, два сыны якога ваявалі на фронце, а дома жыла нявестка з двума падлеткамі. Зямлі ж у таго Ёгана, як і скаціны, было процьма, і, каб апрацоўваць яе, баўэр узяў шасцёх парабкаў з рускіх палонных арміі генерала Самсонава. Наогул у баўэра было і няблага, прынамсі, кармілі па-людску, хоць рабіць прымушалі штодня без выхадных і святаў. І яны рабілі, як чэрці, як валы, - усе гаспадарчыя работы ў полі, на гумне і дома. На гэты конт быў заведзены цвёрды, бадай як у казарме, парадак, за якім асабіста назіраў сам гаспадар сядзібы, што некалі служыў у войску фельдфебелем і бясконца напамінаў ім аб тым. Пра гаспадарчыя справы болей клапацілася нявестка, якая насілася па палях на ладным буланым жарэбчыку, усё выглядаючы, дзе што зроблена, а што недароблена; гаспадар жа болей прыглядваў за батракамі - муштраваў і клапаціўся адначасна. Клопат яго быў асаблівы. Ён пакараў штрафам кухарку, калі тая неяк паклала ў іхні кацёл меней мяса, чым было ўстаноўлена нормай, караў вінаватага за брак у працы ці недаробак тым, што два ці тры дні не даваў мітаг - абедаць, толькі адзін фруштук раніцай. Аднойчы, калі палонны туляк Белашэеў паскардзіўся гаспадару, што другі палонны ўкраў у яго партабак, гер Ёган не стаў дужа разбірацца, а пакараў абодвух. Ён загадаў парабкам узяцца за левыя рукі, як для прывітання, і з прымаўленнем «гутэн морген - гутэн таг» біць па чарзе адзін аднаго ў вуха. Іншыя парабкі, а таксама кухарка, малыя і гаспадар з нявесткай назіралі за той гульнёй з ганка. Спярша было нават смешна, як два рускія, быццам ляніва, напаўсілы пачалі біцца, але хутка кінуліся разнімаць іх, бо тыя так разлютаваліся, што ледзьве не скрывавілі адзін аднаго. Штодня яны ўставалі па званку ў пяць гадзін раніцы, акуратна засцілалі коўдрамі свае тапчаны, пілі каву з павідлам і чорным хлебам і адпраўляліся на працу. У паўдзён палуднавалі ладнаю міскай супу і кашай з кавалкам мяса, хлеба ім давалі па фунту на раз. Спалі на чыстай бялізне, якую старая кухарка мяняла кожную суботу; кожную суботу таксама мыліся пад цёплым душам у прыбудоўцы да кухні. Белашэеў, з якім пасябраваў Хведар, усё не мог нарадавацца сваім вайсковым лёсам, казаў, дома не спаў так чыста і не еў так сытна, як у гэтым палоне. А праца што ж - да сялянскае працы ім не прывыкаць. І, мабыць, усё было б увогуле добра, калі б не Рудзі, чатырнаццацігадовы падшыванец, сын Герды і ўнук старога Ёгана. Гэта зладзюга Рудзі, мусіць, кожную гадзіну дома толькі і дбаў, каб зрабіць што брыдкае парабкам. То ён падапрэ каго калком у прыбіральні, то выцягне з хамута супонь, калі трэба запрагаць каня, то падставіць пад хвост кабыле іхні жбан ад квасу. Аднойчы ён выняў з нагружанай фуры шворан, і як Хведар пагнаў каня, фура звалілася з перадка, рассыпаўшы па вуліцы бульбу. Хведар кінуўся яе збіраць, а той Рудзі ад смеху хапаўся за жывот у гародзе, і Хведар, не доўга думаючы, агрэў яго цераз плот пугай. Затым сабраў усё да бульбіны, наладзіў фуру і, нічога нікому не сказаўшы, паехаў у поле. А калі ўвечары вярнуўся ў двор, дык убачыў там старога гаспадара, счырванелую ад гневу Герду і таго злыдня Рудзі з крывавым пісягом на шчацэ. Стары Ёган тут жа распачаў следства, Хведар спрабаваў апраўдацца, але яго не захацелі і слухаць. Нявестка нешта гырчэла пра камендатуру і гаўптвахту, але свёкар сказаў, што гаўптвахты не будзе: ён не можа дазволіць, каб у гарачы дзень веснавых работ ягоны работнік сядзеў у кутузцы ці ляжаў на тапчане з пасечаным бізунамі задам. Ён яго пакарае ганьбай - заўтра Фэдэр пойдзе на працу ў адной кашулі, без порткаў. Спярша Хведар не зразумеў нават: што гэта за дзіўная кара - без порткаў? А адных падштаніках, ці што? Але аказалася, што не ў падштаніках - зусім без нічога аднізу. Было не сцюдзёна, прыгравала сонца, але пакутам Хведара не было межаў. Увесь час і так і гэтак тузаў долу падол сподняй сарочкі, каб хоць як прыкрыць свой мужчынскі сорам, але прыкрыць не было як - трэба ж было працаваць: нагружаць у фуры бульбу, цягаць кашы ў полі. А навокал былі людзі, немцы і немкі, іхнія дзеці, хлопчыкі і ладныя ўжо дзяўчаты, усе з рогатам ці ўтрапёна пазіралі на яго, і ён гатовы быў завыць ад сораму і крыўды. Ён ледзь дачакаўся вечара таго бясконцага доўгага дня і, прыбіўшыся ў свой катух, без вячэры шаснуў пад коўдру. Якое гэта было неспазнанае шчасце - адчуць сваё цела прыкрытым ад чужых вачэй! Усё ж яму ішоў тады трыццаць першы год, ён быў жанаты і думаў, што горшага здзеку прыдумаць ужо немагчыма, гэты - самы вялікі. Але мінуў час, пасыпаліся іншыя здзекі, у параўнанні з якімі адмысловая выдумка таго баўэра здавалася недарэчным жартам - не болей. Голадна глытаючы слінкі, Хведар скорчыўся пад кустамі на дробнай траве, увабраў галаву ў шырокі, злямцаваны каўнер свае світкі, засунуў рукі запазуху і ляжаў так. Вочы часам заплюшчваў, нічога не бачачы наўкола, ды адсюль няшмат можна было і згледзець. Затое ягоны слых быў, як заўжды, абвострана-чуйны. Здаецца, і ў сне. Хведар прыслухоўваўся да наваколля, бо чым жа яшчэ мог ён засцерагчыся ў ягоным становішчы? Лес пачаў трошкі шумець, але ўвогуле скрозь стаяла лясная ціша; часам пырхала ў кустоўі птушыная драбяза, ды тое не парушала Хведаравага спакою. І памалу, неўпрыкмет ён быццам бы адасобіўся ад гэтага лесу і гэтага часу, бы засынаючы, убачыў сябе здаля і мо ўпершыню зразумеў усю гароту свайго становішча. Тое відовішча самога сябе прымусіла яго схамянуцца ад нейкага здзіўлення, ці што. Сапраўды, чаму ён непрытульна ляжаў тут, праз дзве вярсты ад тае мясціны, дзе ўпершыню ўбачыў свет, дзе ён пражыў сталае сваё жыццё, дзе нарадзіліся яго дзеці? Чаму ён стаў тут для ўсіх жахлівым чужынцам, хто ў тым вінаваты? Можа, адзін сам? Ці і яшчэ хто іншы? А можа, і ніхто? Але ж як тады ўсё тое стала магчыма? Увогуле гэта ж трэба так вось страціць усё, зрабіцца выгнаннікам, беглым катаржнікам, чалавекам без права і закону. І як усё пачалося? Колькі ён думаў пра тое, як і з чаго пачалося, - выразнага адказу знайсці не мог. Бо пачалося ўсё неяк няўзнак, недаўменна і неспадзявана, а абярнулася менавіта тым, чым абярнулася. Ці мог ён прадбачыць усё ў той завірушны вечар, як яны сядзелі ў сельскай хаце і старшыня Сокур вынес на абмеркаванне загадкавае пытанне: на каго размеркаваць тры цвёрдыя заданні, якія ён прывёз з райвыканкома? Нялёгкая была гэта справа для членаў сельскага Савета, якім з'яўляўся тады і Хведар Роўба. Тыя гады ён лічыўся серадняком - па колькасці сваіх дванаццаці гектараў зямлі. Было некалькі гаспадарак, багацейшых за яго, мелі па чатырнаццаць і пятнаццаць гектараў. Але што то былі за гектары? Змітрок Бядута, напрыклад, меў іх шаснаццаць, але жыў бедняком, бо рабіць на зямлі не было каму, два сыны не вярнуліся з вайны, сам быў стары і нямоглы. Ягоны надзел - дальняя прырэчная балацявіна за час вайны, рэвалюцыі і польскай вайны спрэс зарасла кустоўем і толькі што на паперы лічылася ворывам. Але недзе лічылася, і Змітрок самы першы атрымаў позву на цвёрдае заданне. Ён жа, Хведар, дык і не думаў ніколі, што яго можа напаткаць такі самы лёс, хоць і жыў збольшага спраўна, але ж які ён кулак? Адзін конь, дзве каровы, авечкі, свінчо - бадай як і ва ўсіх астатніх у Нядолішчы. Што былі гусі, дык сажалка ж у канцы гародаў. Цёк ручай з балацявінкі, неяк увесну яны з сынам запрудзілі яго ля мастка, нацякла ладная сажалка ды так і засталася. Але, мусіць, не тое вызначыла яго кулаком, а малатарня. Хай яна спрахне, тая малатарня, навошта ён з ёю звязаўся! Малаціў бы, як і раней, цапамі, ужо не так шмат было таго збожжа, каб яго за зіму не абабіць на таку ў тры цапы. Дык не, захацелася, каб культурна, каб малатарняй... Як цяпер помніцца, думку пра тое падаў сын Міколка. Тады ўжо ён быў ладны дзяцюк, увосень збіраўся на прызыў у Чырвоную Армію і лічыўся сакратаром камсамольскай ячэйкі ў Нядолішчы. Як ён стаў сакратарыць, у хаце паявіліся газеты і брашуры, некаторыя цікавыя часопісы, як «Бязбожнік», напрыклад. Звычайна сын быў дужа заняты дзень і чытаў толькі ноччу пры лямпе, а назаўтра што цікавейшае падсоўваў бацьку - то артыкул у «Беларускай вёсцы» пра падаткі і самааблажэнне, то выступленне таварыша Сталіна пра апазіцыю, а то брашуру наркома Прышчэпава пра культуру сельскай гаспадаркі. Хведар чытаў збольшага, не дужа ўсё разумеючы, але галоўнае ён цяміў спраўна: жылі сапраўды кепска, бедна, малакультурна, гаспадарку вялі няправільна. Гэта - вядома, на кепскае ён даволі нагледзеўся. Але як гаспадарыць правільна? Мусіць, каб правільна весці гаспадарку, аднаго ведання мала, патрэбны грошы, інвентар, угнаенні. Каб было больш угнаення на яго гектары, завялі другую кароўку, выгадавалі цялушачку, хоць малака для іхняй сямейкі хапала і ад адной галавы. Гады чатыры перад тым Хведар, можа, самы першы ў вёсцы, купіў у Полацку плуг - новенькі, фабрычны, афарбаваны ў сіні колер, з роўненька вытачанымі дубовымі ручкамі. Спрытны аказаўся плужок, адна радасць была араць ім, нават прыходзілі паспрабаваць суседзі. Пасля купілі плугі і яшчэ некалькі мужыкоў. Плугі ўсім падабаліся. І вось неяк увосень позненька ўвечары
прыходзіць Міколка. Стомлены, згаладнелы, у гразкіх ботах, аказваецца,
быў на нейкай нарадзе ў раёне. Маці хутчэй міску на стол, ён з'еў троху
і кажа: «Бацька, а давай купімо малатарню. Ёсць такая магчымасць праз
патрэбкааперацыю. Грошы можна не разам - у россрочку». Хведар адказаў
не адразу, падумаў. Канешне, яно б дужа не блага, тая малатарня, ён ужо
бачыў такую ў суседняй вёсцы Шаўцы. Летась там тры ці болш гаспадаркі
склаліся і купілі, казалі, добра малоціць, дужа давольныя былі мужыкі.
І лягчэй, чым цапамі, і хутчэй. Але ж... Бы чула ягонае сэрца, чым тое
можа абярнуцца. Ужо ведаў прыкмету: новае і небывалае ў сялянскім жыцці
- часта пахне махлярствам ці дурасцю, і трэба папярэдне прыгледзецца,
каб не ашукацца. Ён так і сказаў сыну, а той толькі засмяяўся: як гэта
ад малатарні можа быць кепска? Гэта ж за тыдзень з малацьбой можна ўправіцца,
не тое што ўсю зіму цапамі махаць. Яно так, канешне, думаў Хведар, ды
ўсё маўчаў, вагаўся. Уранку, як Міколка пабег па сваіх камсамольскіх справах,
асцярожна параіўся з Гануляй і вырашыў: купім. Пакуль не перакупіў хто
спрытнейшы з якой іншай вёскі. Нядоўга, аднак, пагрукацела на ягоным таку тая чырвоная малатарня. У наступную восень прыйшоў той самы сельсавецкі старшыня Сокур, з ім яшчэ нехта вусаты з раёна і апячаталі. Аказваецца, дапусціў ён эксплуатацыю, непрацоўны даход. «А як жа цяпер? Што будзе?» - пытаўся Хведар. «Што б |